Смекни!
smekni.com

Дзейнасць хрысцiянскiх асветнiкаў XII ст. (стр. 4 из 5)

Праблему чалавека ў яго грамадскім быцці Кірыла Тураўскі сімвалічна выявіў у дзвюх прытчах (кароткай і падрабязнай) пра сляпога і кульгавага, альбо пра чалавечую душу і цела. Як і ў іншых сваіх творах, пісьменнік выкарыстаў як сюжэтную аснову евангельскае апавяданне пра “дамавітага” гаспадара, які насадзіў вінаград і паставіў варту ля яго варотаў. Але развіў гэты сюжэт у складаны красамоўніцкі твор дыдактычна-філасофскага і сацыяльна-этычнага зместу. Дамавіты гаспадар тут сімвалізуе Бога, стваральніка сусвету, сад-вінаград (вертаград) – зямля і “свет гэты”, кульгавы – цела чалавека, а сляпы – яго душа, агароджа вакол саду – законы і запаведзі Божыя, а незачыненыя вароты, якія вядуць у сад, – шлях да пазнання Творцы і створанага ім сусвету. Сляпы і кульгавы, аб'яднаўшы свае сілы (сляпы нёс кульгавага, а кульгавы паказваў дарогу), самавольна трапілі ў сад, каб паспрабаваць забароненых пладоў. “Сляпая” душа і “кульгавае” цела сімвалізуюць недасканаласць чалавечага грамадства, якое “кантрабандай” авалодала тайнамі боскага тварэння, не ў стане (па сваёй грахоўнасці і маральнай недасканаласці) выкарыстаць іх для дабра.

У апошніх творах красамоўніцкага жанру (пасланнях да ігумена Кіева-Пячорскага манастыра Васіля), арыгінальных прытчах Кірыла Тураўскі раскрыў глыбокі сацыяльна-этычны сэнс манаскага жыцця і ўскосна выкрыў недасканаласць дзяржаўнага ладу, зямной улады наогул, якая служыць грахоўнай прыродзе чалавека, а не яго духоўнаму ўдасканаленню. Тут, сярод чалавечай улады, выяўляецца духоўная місія “манаскага чына” – даць чалавеку і грамадству ўзоры быцця з Богам і для боскага промыслу, жыцця паводле вядомай малітвы: ціхага і мірнага, у чысціні і ў адпаведнасці з боскай праўдай.

Для хрысціянскай культуры таго часу багаслоўская паэтычная, красамоўніцкая і асветніцкая творчасць Кірылы Тураўскага была сапраўдным адкрыццём красы і мастацкай выяўленчай сілы роднай мовы. Пісьменнік добра ведаў класічную візантыйскую рыторыку і паэтыку, творча выкарыстаў гэту багатую эстэтычную традыцыю, узбагаціўшы культуру і мову свайго народа. З пазнейшых беларускіх асветнікаў бадай што адзіны Сімяон Полацкі дасканала валодаў красамоўніцкім майстэрствам, хоць і ўступаў свайму выдатнаму папярэдніку ў сіле і прыгажосці лірычнага самавыяўлення.

1.3 Клімент Смаляціч

Клімент Смаляціч (Клім Смаляціч; ? - пасля 1164), царкоўна-палітычны дзеяч, мысліцель, пісьменнік. Нарадзіўся ў 1-й палове ХІ ст. ў Смаленску. Быў манахам Зарубскага манастыра каля Кіева. Стаў вядомы дзякуючы сваёй рознабаковай адукаванасці, рэдкай эрудыцыі, выдатнаму літаратурнаму таленту. Як сцвярджае Іпацьеўскі летапіс, Клімент Смаляціч “быў кніжнік і філосаф, якіх у Рускай зямлі не бывала”. Высокую на той час адукацыю ён, верагодна, атрымаў у Канстанцінопалі. Як прыхільнік развіцця ўсходнеславянскай культуры, змагар супраць засілля ў рускай царкве грэчаскага духавенства Клімент Смаляціч актыўна агітаваў за царкоўную аўтакефалію. Ён нястомна даказваў, што назначэнне мітрапалітаў для Кіеўскай Русі – унутраная справа рускага праваслаўя, і дыктат Візантыі ў гэтым пытанні пярэчыць інтарэсам народа, царквы, дзяржавы. Паводле яго пераканання, мітрапаліты-грэкі, якія дрэнна валодалі славянскай мовай, не маглі даць столькі карысці для царкоўнага ўпарадкавання і народнай асветы, колькі можна было чакаць ад мітрапалітаў мясцовага паходжання. Назначэнне мітрапалітаў-чужаземцаў без адабрэння княжацкай улады было знявагай для апошняй, служыла зручнай падставай для ўмяшання грэчаскіх імператараў у справы славянскіх дзяржаў. Патрыятычнасць і шчырае імкненне вучонага манаха садзейнічаць развіццю мясцовых традыцый у жыцці ўсходняга славянства выклікала прыхільнасць да яго мясцовай улады. Невыпадкова знаёмы з яго прамовамі князь Ізяслаў Мсціславіч, які заняў у 1146 велікакняжацкі прастол, паступіў, як яго продак Яраслаў Мудры. У 1147 ён склікаў у Кіеве епіскапскі сабор і прапанаваў удзельнікам выбраць першасвяшчэнніка для Кіеўскай Русі без адабрэння канстанцінопальскага патрыярха. Пры гэтым Ізяслаў Мсціславіч назваў Клімента Смаляціча самым дастойным кандыдатам. Так “кніжнік і філосаф” стаў другім на Русі (пасля Іларыёна Кіеўскага) мітрапалітам славянскага паходжання. Узвядзенне яго на Кіеўскую кафедру праходзіла не гладка. Праціўнікі царкоўнай самастойнасці напачатку адмовіліся прызнаць яго мітрапалітам без волі на тое патрыярха. Зламаць супраціўленне прагрэчаскі настроеных іерархаў дапамаглі настойлівасць Ізяслава і рашучая падтрымка чарнігаўскага епіскапа Ануфрыя. Становішча новага мітрапаліта было нялёгкім. Яго дзейнасць ухваляў толькі князь Ізяслаў Мсціславіч. Пасля смерці Ізяслава (1154), калі велікакняжацкі прастол заняў былы смаленскі князь Расціслаў Мсціславіч, Клімент Смаляціч у яго асобе таксама атрымаў саюзніка, гатовага змагацца за самастойнасць рускай царквы. Аднак і на гэты раз частка епіскапаў на чале з Ніфантам Ноўгарадскім не падтрымала мітрапаліта Клімента. Ніфант ад свайго імя і ад імя іншых епіскапаў заявіў: “Мы не станем табе кланяцца, не будзем служыць з табой, таму, што ты не ўзяў благаславення ў святой Сафіі і ад патрыярха”.

Узнікла рэальная пагроза ўнутрыцаркоўнага расколу. Разумеючы, да якіх вынікаў можа прывесці гэты канфлікт ва ўмовах раздробленасці Русі, князь Расціслаў заклікаў абедзве партыі да стрыманасці і разважлівасці. “Нельга, – казаў ён, – каб безупыннае крывавае саперніцтва ўдзельных князёў за валоданне Кіевам узмацніла барацьбу за права той ці іншай княжацкай кааліцыі ўзводзіць у мітрапаліты свайго чалавека, абцяжарыла разладамі на рэлігійнай глебе жыццё грамадства, якое і без таго вельмі пакутуе ад палітычных усобіц”. Аднак угаворы і заклікі Расціслава не былі пачуты.

У сакавіку 1155 кіеўскі пасад заняў правізантыйскі настроены суздальскі князь Юрый Даўгарукі, які саслаў мітрапаліта Клімента ва Ўладзімір Валынскі, а мітрапаліцкую кафедру аддаў назначэнцу патрыярха Канстанціну. Аднак праз 3 гады новы кіеўскі князь Мсціслаў Ізяславіч аднавіў Клімента Смаляціча на гэтай пасадзе. Барацьба за мітрапаліцкае месца выклікала царкоўную смуту. Грэчаскі стаўленік імкнуўся аддаліць ад царкоўных спраў прыхільнікаў Клімента, у сваю чаргу Клімент не мілаваў тых, хто быў на баку яго праціўніка. Каб спыніць разлад, князі Расціслаў і Мсціслаў адхілілі ад спраў абодвух мітрапалітаў і прызначылі ў жніўні 1161 на мітрапаліцкае месца Феадора, які праз некалькі месяцаў памёр. Расціслаў зноў прапанаваў кандыдатуру Клімента Смаляціча. Каб надаць справе законны выгляд, ён паслаў прасіць благаславення для Клімента ў патрыярха. Але канстанцінопальскі патрыярх накіраваў у Кіеў мітрапалітам Іаана IV. Расціслаў, кіруючыся меркаваннямі царкоўнага міру, не хацеў ускладняць і без таго цяжкія палітычныя абставіны на Русі, неахвотна прыняў новага назначэнца, але наказаў перадаць у Канстанцінопаль: “На гэты раз, дзеля павагі і любові царскай, прыму, але калі надалей без нашага ведама і жадання патрыярх назначыць на Русь мітрапаліта, то не толькі не прымем яго, а пастановім за нязменнае правіла выбіраць і ставіць мітрапаліта епіскапам рускім па загаду вялікага князя”. У выніку дзяржаўнай мудрасці і дыпламатычнай гібкасці Расціслава барацьба вакол самага прынцыповага для царкоўнага жыцця пытання сціхла. Так скончылася гісторыя з узвядзеннем на мітрапаліцкі прастол Клімента Смаляціча, які звязаў сваё жыццё і дзейнасць з барацьбой за царкоўную незалежнасць ад Візантыі. Права прысылаць у Кіеў першасвяшчэнніка захавалася за патрыярхам. І ўсё ж ідэя рускай праваслаўнай аўтаноміі, якую так энергічна адстойваў вучоны манах са Смаленска, не памерла.

Да нас дайшоў толькі адзін твор Клімента Смаляціча (у тлумачэнні манаха Афанасія) – “Пасланне смаленскаму прэсвітэру Фаме”. У гэтым “Пасланні...”, разглядаючы тэарэтычныя пытанні, Клімент Смаляціч абвяргае высунутыя супраць яго абвінавачванні, прыводзіць аргументы ў абарону свайго права кіраваць царквой. Асноўныя разыходжанні, што служылі падставай для дыскусій паміж Кліментам і Фамой, – рознае разуменне таго, як і да якіх межаў можна інтэрпрэтаваць тэксты Свяшчэннага пісання, ці правамерна наогул яго пашыранае, сімвалічнае тлумачэнне. Паводле меркаванняў Клімента Смаляціча, важнае не толькі літаральнае, але і сімвалічнае разуменне біблейскіх тэкстаў, іх творчая інтэрпрэтацыя. Ён вымушаны быў абгрунтоўваць сваё права “даследаваць іншасказальна... усе гэтыя боскія адзнакі і цуды Госпада нашага Ісуса Хрыста”, свае доказы падмацоўваць аўтарытэтам айцоў царквы: “Калі святыя і боскія айцы нашы дабавілі нешта падобнае да Гасподніх слоў, каб растлумачыць і выкласці іх, то гэта вельмі карысна, добра і пахвальна”.

У развіцці чалавечай гісторыі Клімент Смаляціч вылучае тры паслядоўныя перыяды – “Запавет”, “Закон” і “Дар Божы”. Значэнне першых двух у тым, што яны рыхтуюць перамогу абсалютнай ісціне, якая адкрываецца ў хрысціянстве. Паводле яго слоў, “Хрыстос Бог наш, сонца праведнае, асвяціў нас боскімі зорамі і прасвяціў сваім хрышчэннем, і вось усе старое прайшло, і стала ўсё новае, і ўжо не месціцца ў законе чалавецтва, але пад боскай ласкаю свабодна ходзіць...” У гэтай сувязі Клімент Смаляціч падкрэслівае, што некаторыя язычнікі, якія жылі па-за законам і да закону, “вылучаліся набожнасцю, жывучы не па законе, але па веры”, таму ім лягчэй атрымаць дабрадзейства боскае, чым юдэям, якія не могуць “пайсці” далей закону Майсеевага, што заступае шлях да дабрадзейства. Для распрацоўкі і выкладання ўласных поглядаў Клімент Смаляціч шырока выкарыстоўвае працы Феадарыта Кірскага, Нікіты Гераклійскага, рацыяналістычныя метады для тлумачэння рэлігійных тэм. Апісваючы сваё ўяўленне пра сусвет, ён спасылаецца не толькі на хрысціянскіх, але і антычных аўтараў – Гамера, Платона, Арыстоцеля. Яго асноватворнае ўяўленне пра сусвет – гэта перакананне ў тым, што ўсё існае мае мэтазгодную будову, “усё ўладжваецца, падтрымліваецца і мае поспех сілай боскай, бо няма другой дапамогі, акрамя дапамогі боскай, і іншай сілы, акрамя сілы боскай”. Мысліцель характарызуе Бога як непазнавальную абсалютную істоту, якая, аднак, пазнаецца ў сваіх тварэннях. Чалавек, які адкрывае для сябе разумную пабудову свету, становіцца, такім чынам, на шлях пазнання Бога-творцы, знаходзіць вышэйшы сэнс свайго існавання. Боская арганізацыя быцця дае чалавеку магчымасць сваімі ўчынкамі далучацца да Бога ці, наадварот, аддаляцца ад яго. Бог, са свайго боку, гатовы садзейнічаць збліжэнню з чалавекам, ратаванню яго, калі той праяўляе імкненне да гэтага. У разважаннях пра Грыгора Багаслова, прарока Ёна, траіх отракаў, расказах пра фантастычных жывёл Клімент Смаляціч настойліва праводзіць думку пра тое, што “нішто не пагарджанае ў Госпада: усё бачыць яго бяссоннае вока, усё назіраецца, пры ўсім стаіць, даючы кожнаму выратаванне”. Валодаючы найвышэйшым дарам – свабоднай воляй – чалавек можа дзейнічаць, як яму хочацца.