Смекни!
smekni.com

Дзейнасць хрысцiянскiх асветнiкаў XII ст. (стр. 5 из 5)

Але дараваная яму свабода ўчынкаў – адначасова і напамін пра тое, што чалавеку, як вянцу тварэння, як асноўнаму цэнтру сусвету, створанаму па ўзоры і падабенстве боскаму, належыць імкнуцца да маральнага ўдасканалення, безагаворачна давяраць боскаму промыслу, “праслаўляць і дзякаваць” Творцу. Такім чынам, як і Іларыён Кіеўскі, Кірыла Тураўскi і іншыя мысліцелі эпохі Кіеўскай Русі, Клімент Смаляціч развіваў антрапацэнтрычныя ідэі, падкрэсліваў духоўна-маральную прыроду чалавека. Але гэтыя аспекты сярэдневяковага светапогляду ён фармуляваў больш выразна і тэарэтычна абгрунтавана, чым яго папярэднікі. Важнае месца ў светапоглядзе Клімента Смаляціча займае ідэя няхцівасці. Яго адмова ад усяго, уключаючы царкоўную маёмасць, у той час як многія манастыры, цэрквы, асобныя свяшчэннаслужыцелі з'яўляліся буйнымі ўласнікамі, была не зусім тыповая. Акцэнт на духоўным, вечным, асуджэнні скнарнасці характарызуе ўсё сярэдневяковае светасузіранне ўсходніх славян. Але ў ХІІ ст., бадай, толькі Клімент Смаляціч ясна і дакладна выказаў гэту думку. Яго заклік захаваць маральную чысціню думак і ўчынкаў, духоўнае памкненне да найвышэйшых каштоўнасцей быцця гучыць вельмі сучасна і надзённа: «І як мы атрымалі закон і благадаць Свяшэннага пісання ад агульнага Ўладыкі, Госпада нашага Ісуса Хрыста Збавіцеля і Кіраўніка нашых душ, і святых і боскіх яго апосталаў, па дары і благадаці і сіле Духа, будзем трымацца, любыя, за гэту будучую надзею, не адхіляючыся ні ўлева, ні ўправа, каб не зваліцца нам на самае дно пагібелі.

Але пайшоўшы следам за ісцінным і сумленным царкоўным свяціцелем, такім чынам дасягнем найвышэйшай светласці ў будучым царстве Госпада нашага Ісуса Хрыста...”

1.4 Аўрамій Смаленскі

Нарадзіўся Аўрамій у другой палове XII ст. у Смаленску ў сям'і заможных бацькоў, якія перад ім мелі 12 дачок і малілі Бога аб сыне. 3 дзяцінства ён рос набожным, наведваў царкву і меў магчымасць вучыцца па кнігах. Бацькі спадзяваліся, што іх адзіны сын возьме шлюб і будзе прадаўжальнікам заможнага роду, але той прагнуў іншага жыцця. Пасля смерці бацькоў, раздаўшы ўсю маёмасць манастырам, цэрквам ды бедным, ён хадзіў па горадзе, апрануты ў рыззё і маліў Бога указаць шлях уратавання. Аўрамій прыняў пострыг у манастыры Прасвятой Багародзіцы, што ў месцы Селішча за 5 вёрст ад Смаленска. Выконваючы ў ім розныя паслушэнствы, прападобны старанна займаўся перапісваннем ды збіраннем кніг, здабываючы сабе духоўнае багацце. Смаленскі князь Раман Расціслававіч заснаваў у горадзе вучылішча, у якім навучаліся не толькі па славянскіх, але і па грэчаскіх ды лацінскіх кнігах. Сам князь меў вялікі збор кніг, якімі карыстаўся Аўрамій. Больш за 30 год падвізаўся ён у абіцелі, калі ігумен пераканаў яго прыняць у 1198 годзе сан прасвітара. Кожны дзень ён служыў літургію і выконваў паслушэнства духаўніка браціі і міранаў. Хутка прападобны стаў шырока вядомым. Гэта выклікала зайздрасць сярод браціі і ігумена, і праз 5 год прападобны мусіў перайсці ў Крыжаўздзвіжанскі манастыр, што ў Смаленску. На ахвяраванні багамольцаў ён аздабляў саборны храм беднага манастыра іконамі, завесамі і свечкамі. Сам ён напісаў дзве іконы на самыя хвалюючыя для яго тэмы: а6 Страшным судзе і аб пакутах за грахі.

Святы быў строгі да сябе і да сваіх духоўных дзяцей. Ён нястомна прапаведваў у царкве, павучаў тых, хто прыходзіў да яго ў келлю, размаўляючы роўна з багатымі і беднымі. Гарадская знаць і духавенства патрабавалі ў епіскапа Ігнація учыніць суд над прападобным, вінавацячы яго ў пералюбе, а таксама ў пераманьванні духоўных дзяцей. Але яшчэ цяжэйшымі былі абвінавачванні ў ерасі і чытанні забароненых кніг. За гэта нават прапаноўвалі спаліць альбо ўтапіць падзвіжніка. Але на судзе князя і епіскапа прападобны адвёў усе ілжывыя абвінавачванні. І ўсё ж яму забаранілі служыць і перавялі ў манастыр Прасвятой Багародзіцы, дзе ён падвізаўся раней. Страшэнная засуха была пакараннем за неправедны суд. Калі епіскап Ігнацій папрасіў прабачэння ў прападобнага Аўрамія і дазволіў яму служыць ды прапаведваць, дождж напаіў Смаленскую зямлю. Свяціцель Ігнацій пабудаваў новы манастыр у гонар рызы Прасвятой Багародзіцы і даручыў у ім настаяцельства прп. Аўрамію, ды і сам, пакінуўшы па старасці епархію, пасяліўся ў гэтым манастыры. Шмат было людзей, якія жадалі служыць пад кіраўніцтвам прп. Аўрамія, але ён прымаў іх вельмі разборліва пасля адпаведных выпрабаванняў, таму ў манастыры было толькі 17 братоў. Прп. Аўрамій пасля смерці свяціцеля Ігнація, які быў яго духоўным сябрам, павучаў брацію памятаць пра смерць і маліцца ўдзень і ўночы аб тым, каб не быць асуджаным на Судзе Божым. Памёр Аўрамій Смаленскі каля 1224 года, пражыўшы ў манастве 50 год. Ужо напрыканцы XIII ст. яму была складзена служба.

Нягледзячы на тое, што Аўрамій Смаленскі не ўваходзіць у Сабор Беларускіх Святых, яго імя вельмі шануецца на Беларусі. Дзень памяці святога – 3 верасня (н.ст.).


Спіс выкарыстаных крыніц

1. Гісторыя беларускай літаратуры ХІ-ХІХ стагоддзяў. У 2 т. Т. 1. Даўняя літаратура: ХІ – першая палова ХVIII стагоддзя.- Мн., 2006.

2. Арлоў, Ул. Таямніцы Полацкай гісторыі.- Мн., 1994.

3. Мельнікаў, А.А. Кірыл, епіскап Тураўскі: Жыццё, спадчына, светапогляд.- Мн., 1997.

4. Памяць: Гістарычна-дакументальная хроніка Полацка.- Мн., 2002.

5. Мельников, А.А. Путь непечален: Исторические свидетельства о святости Белой Руси.- Мн., 1992.

6. Арлоў, Ул. Асветніца з роду Усяслава: Ефрасіння Полацкая.- Мн., 1989.

7. Мысліцелі і асветнікі Беларусі: Энцыклапедычны даведнік.- Мн: Беларуская Энцыклапедыя, 1995.