Смекни!
smekni.com

Літаратура Заходняй Беларусі 1920-х-1930-х гадоў (стр. 3 из 4)

На праблемах маральна-этычнага характару, на з'явах, што стаяць на перашкодзе вёсцы да асветы, новага жыцця, засяродзіў увагу ў драме «Янка Канцавы» (1924) паэт Казімір Сваяк. Герой драмы гіне ад рук аднавяскоўцаў праз іх цемнату, нежаданне адмовіцца ад заганных звычак, п'янства, на якія пісьменнік глядзіць як на сацыяльную злыбяду.

2. Літаратура Заходняй Беларусі 1930-х гадоў

літаратура драматургія заходні беларусь

Самым прадуктыўным паэтам у заходнебеларускай літаратуры першай паловы 30-х гадоў быў Міхась Машара. У гэты перыяд хораша раскрыўся лірычны талент паэта. Лепшыя вершы М. Машары 1930-х гг. — "Начамі чорнымі", "Растуць пытанні ўночы", "На прадвесні", "На сонечны бераг", "З-пад стрэх саламяных" і інш. У гэтых і іншых вершах М. Машара стварыў рэалістычны, у нейкай меры рамантызаваны вобраз беларускай вёскі, і ў гэтым адна з заслуг яго перад беларускай літаратурай. Максім Танк крыху пазней вобраз гэты сацыяльна паглыбіў і ўзняў на вышэйшую ступень эстэтычнага асваення. Спрабаваў свае сілы М. Машара і ў жанры паэмы, стварыўшы лірычную паэмку-сімфонію «Валачобнае» (1932). У ёй чуецца часам прамая пераклічка з Жылкавым хваласпевам абуджанаму духу народнаму. I разам з тым «Валачобнае» М. Машары — рэч арыгінальная, твор самабытны, можа, вяршыня мастацкіх дасягненняў паэта ў давераснёўскую пару. Аўтар удала пераасэнсоўвае вобраз, узяты з беларускай этнакультурнай традыцыі — вобраз валачобніка як вестуна радасці. Традыцыйны вобраз-сімвал ён пераводзіць у кантэкст беларускага вызваленчага руху. Паэма складаецца з трынаццаці невялікіх раздзельчыкаў. У творы моцны лірычны пачатак, у якім выяўлена паэтава прызнанне прычыны душэўнай узрушанасці, праз суб'ектыўнае перажыванне дадзены маляўнічы вобраз вясны-Адраджэння. На сямідзесятыя ўгодкі пагібелі кіраўніка паўстання 1863 г. у Беларусі і Літве, К. Каліноўскага М. Машара адгукнуўся напісаннем паэмы «Смерць Кастуся Каліноўскага» (1934). Для сцвярджэння велічы подзвігу Каліноўскага паэт узяў у аснову твора драматычныя часіны яго жыцця — суд над героем паўстання і смерць яго на эшафоце. На жаль, не маючы мастацкай практыкі ў гістарычным жанры, трывалай дакументальнай асновы, пры асваенні няпростай тэмы Машара аказаўся на шляху страты эпічнай цэласнасці формы, замены яе месцам публіцыстычнымі элементамі. Гэта сказалася на эстэтычных вартасцях твора. У паэме «Мамчына горка» (1936) Машара звяртаўся да мінулага, феадальных часоў, аднак канфлікт, пакладзены ў аснову сюжэта гэтага твора, меў ярка выражаны сацыяльны характар і тым самым быў псіхалагічна не чужы рэчаіснасці Заходняй Беларусі, дзе сацыяльныя супярэчнасці натуральна ўзмацняліся каланіяльным статусам краю.

Працягваў працаваць у 1930-я гг. у галіне паэзіі Хв. Ільяшэвіч. Прычым змянілася танальнасць яго твораў. Змена ўзнёслага, наступальнага тону паэзіі Хв. Ілляшэвіча 20-х гадоў на элегічны лад 30-х была абумоўлена не эвалюцыяй светапогляду паэта. Хв. Ілляшэвіч, як і іншыя заходнебеларускія інтэлектуалы, здолеў рэальна ацаніць знешнія і ўнутраныя прычыны крызісу беларускага вызваленчага руху і застацца верным ідэалам маладосці, а менавіта — ідэі нацыянальнай і сацыяльнай свабоды беларускага народа. Элегічную ж танальнасць лірыцы Хв. Ілляшэвіча 30-х гадоў задавала само жыццё, беларуская рэчаіснасць, прычым не толькі самой Заходняй Беларусі. Лепшыя вершы Хв. Ільяшэвіча 1930-х гг. — гэта "Многа песняў...", "Я прышоў да вас зноў", «Цымбалы».

Індыферэнтнасць Н. Арсенневай у заходнебеларускі перыяд яе творчасці да грамадскіх праблем не спрыяла шырэйшаму раскрыццю таленту паэтэсы. Абсалютызацыя эстэтычнага пачатку, замыканне ідэйна-эстэтычнага крэда пісьменніцы на паэтызацыі прыроды і звязаных з ёй інтымных перажыванняў змяншала не толькі патэнцыяльны грамадскі рэзананс вершаванага слова, але і абмяжоўвала паэтыку. Узнікалі непазбежныя паўторы асобных паэтычна-вобразных элементаў, тропаў. Лепшымі вершамі Н. Арсенневай 1930-х гг. з'яўляюцца "Калі дзень дагараець", "Як калоссе ў жытняй ніве", "Першы снег", "Зімовая ноч", "Не вернеш", "Шчасце", "Восень", "Асенні вечар". Гэтыя і іншыя вершы ўвайшлі ў зборнік "Жоўтая восень", які, падрыхтаваны да друку, не выйшаў з-за распачатай Другой сусветнай вайны.

Працягваў выступаць у паэзіі ў 1930-я гг. Міхась Васілёк. У 1937 г. выйшаў другі па ліку паэтычны зборнік М. Васілька «З сялянскіх ніў», падрыхтаваны да друку і выдадзены Р. Шырмам.

Праз узрыў сацыяльнай і нацыянальнай свядомасці, што адбыўся ў Заходняй Беларусі ў часы Грамады, прыйшоў у паэзію Валянцін Таўлай (1914—1947). Чатырнаццацігадовым вучнем Віленскай беларускай гімназіі ўпершыню публічна, у друку выказаў будучы паэт-рэвалюцыянер (такі тытул за ім даўно і заканамерна ўсталяваўся ў літаратуразнаўстве) свае дачыненні да свету. Першы вершык пад назваю «У нашым краі» Таўлай заканчваў словамі: «І краіна Гедыміна жджэць усё лепшай долі» (Дванаццаты Янка. У нашым краі // Сіла працы. 1928. 4 лют.). Большасць вершаў складзены Таўлаем у турме, «запісаны ў памяць», як сказаў сам паэт. Тэксты іх пазначаны такімі канкрэтнымі каардынатамі месца ўзнікнення: Гродзенскі астрог, Лукішкі, Слонімская турма. У заходнебеларускім друку з'явіліся толькі паадзінкавыя творы паэта: выдадзеная на шапірографе паэма «Непераможная», некалькі вершаў пад псеўданімам П. Сірата ў «Калоссі» за 1938 і 1939 гг. Паэма ж «Таварыш» (пра высокую ахвярнасць у імя свабоды) і верш «Песня пра сухар» (аб салідарнасці з палітзняволенымі) — рэчы вяршынныя ў творчасці В. Таўлая, запачаткаваныя ў астрожных мурах — напісаны ўжо на волі, пасля верасня 1939 г. Ужо ў першай заяўцы на творчасць, прысвечанай грамадаўскай стыхіі як парыву мас да Свабоды (паэма «Непераможная») выявіўся моцны эпічны пачатак паэзіі В. Таўлая. Нават у лірычных вершах («Дзяўчына», «Таварышу маёй вясны») паэт удала дасягае сінтэзу лірычных і эпічных элементаў. Публіцыстычная аратарская інтанацыя пры апоры на асабісты грамадскі вопыт дазволіла Таўлаю, не ўпадаючы ў рыторыку, выходзіць на сэнсава значныя вобразныя абагульненні, думкі, дасягаць арганічнага грамадзянскага пафасу. Даследчыкі паэзіі В. Таўлая (М. Арочка, I. Шпакоўскі) сведчаць аб прыкметным укладзе паэта ў культуру беларускага верша.

У другой палове 30-х гадоў агульнапрызнаным лідэрам беларускай паэзіі ў Заходняй Беларусі стаў Максім Танк (1912—1995). Агульнае прызнанне незвычайнага таленту паэта выявілася ва ўсім: у адзінагалоснай высокай ацэнцы крытыкі, у дзейснай увазе да творчых здабыткаў беларускага песняра прадстаўнікоў польскай літаратурнай грамадскасці, нарэшце, у папулярнасці ў шырокіх колах беларускай і польскай інтэлігенцыі. Аб апошнім красамоўна сведчылі літаратурныя вечары М. Танка ў Вільні з аўтарскім чытаннем вершаў з эстрады пры перапоўненых залах. Глыбокаталенавітае сцвярджэнне паэтам высокіх гуманістычных ідэалаў, самабытнае мастацтва слова захаплялі, зачароўвалі. Маштабнасць таленту М. Танка выявілася ў дынамічным творчым узыходжанні паэта. Пасля першых публікацый вершаў праз год-другі пачалі з'яўляцца ў друку яго эпічныя палотны. У паэмах «Нарач», «Каліноўскі», «Казка пра Музыку», «Журавінавы цвет», «Сказ пра Вяля» М. Танк арганічна паяднаў у паэтычнай стылістыцы сінкрэтычнае фальклорнае і інтэлектуальна-асацыятыўнае мысленне. У прадмове да першага паэтычнага зборніка М. Танка яго першы крытык і фактычны выдавец Р. Шырма (псеўданім Р. Баравы) выказаў празорлівую ацэнку будучыні маладога паэта: «...Максім Танк прыйшоў у беларускую літаратуру... і тут, на нашым Заходнім небасхіле... адразу загарэўся зоркай першай велічыні. Думаем, што нам яшчэ прыдзецца быць сведкамі, калі ягоны талент падымецца да Вялікага Сузор'я — Купалы-Коласа» (Танк М. На этапах. С. XVI.). Канфіскацыя польскай уладай кнігі «На этапах», сама назва якой — метафара жыцця паэта і яго паднявольнай краіны, была таксама высокай афіцыйнай ацэнкай Польскай дзяржавай таленту беларускага песняра, дзейснасці яго Слова. Як агульна прызнана, творчае лідэрства М. Танка ў літаратуры Заходняй Беларусі грунтавалася на адзіна надзейных падставах: на высокім, агульнаеўрапейскім узроўні яго паэзіі і рэдкаснай мастацкай прадуктыўнасці паэта. За нейкія чатыры перадвераснёўскія гады ў складаных, часам экстрэмальных умовах (заангажаваны ў камуністычным падполлі паэт зведаў канспірацыйныя яўкі, панскія астрогі) М. Танк у чатырох кнігах паэзіі здолеў апублікаваць каля трохсот твораў, пераважна лірыкі (Акрамя першага зборніка М. Танка, выдадзенага ў 1936 г., у 1937 г. асобнымі выданнямі паказаліся ў свет «Нарач», «Журавінавы цвет», а ў 1938 г. — «Пад мачтай».). Сярод іх, не лічачы паэм, такія паэтычныя шэдэўры, як «На пероне», «Паслухайце, вясна ідзе», «Песня кулікоў», «Лірнік», «Шэрыя хаты, платы і вароты», «Над калыскай», «Ткала я, ткала палотны», «Укралі, матуля, сына твайго людзі» — рэчы непрамінальнай красы ў беларускай літаратурна-мастацкай скарбніцы.

Паасобныя прадстаўнікі заходнебеларускай літаратуры, у тым ліку М. Танк (дастаткова ўспомніць яго «Пачатак оды», «Раманс»), не цураліся выпадку сродкамі гумару і сатыры выказаць свае адносіны да жыцця, тых або іншых яго грамадскіх праяў. Вяршыні свайго развіцця гумарыстычна-сатырычны напрамак у Заходняй Беларусі дасягнуў, мабыць, у часы «Маланкі». Але сатыра маланкаўцаў, заўсёды надзённая, далёка не ўсягды мела адэкватнае ідэям эстэтычнае забеспячэнне, каб быць гарантаванай на працяглае жыццё ў прасторы і часе. Пісьменнік Баляслаў Друцкі-Падбярэскі (1895—1940), адвакат па прафесіі, нашчадак старога княжацкага роду, літаратар, які прэтэндаваў на рэпрэзентацыю беларускага гумару і сатыры, найчасцей выступаў як байкапісец, быў нават аўтарам асобнага выдання «Байкі, гумар, сатыра» (1928), не дасягнуў у баечным жанры ўзроўню свайго папярэдніка Альгерда Абуховіча. Не ўзняўся на належны эстэтычны ўзровень і другі заходнебеларускі аўтар баек і гумарыстычных гутарак ксёндз Янка Быліна (Семашкевіч) (1883—1955). Творам іх бракавала паэтычнай энергіі, сцісласці радка, кандэнсацыі думкі, а часам і эстэтычнага густу. Пэўны (але разам з тым непараўнальны з "Маланкай") уклад у развіццё заходнебеларускай сатыры ўнёс месячнік «Асва», што выходзіў у Вільні з сакавіка па жнівень 1934 г. Друкаваліся ў «Асве» маладыя аўтары, звязаныя з камуністычным падполлем: Пятрусь Граніт, Васіль Струмень, Міхась Ліст. З больш вядомых — А. Іверс і М. Засім.