Смекни!
smekni.com

Літаратура Заходняй Беларусі 1920-х-1930-х гадоў (стр. 4 из 4)

Мікола Засім (1908—1957) з'яўляўся народным самародкам, вылучаным у літаратуру культурна-масавым рухам Грамады і камуністычнага падполля 30-х гадоў. Пробы пяра яго, падпісаныя псеўданімамі «Агонь» і «Асот», змешчаны яшчэ ў «Маланцы». У 1933 г. у «Родным краі» М. Засім пад сваім прозвішчам друкаваў рэчы побытавай сатыры. Для паэта было арганічным і ярка выражаным менавіта гумарыстычна-сатырычнае бачанне рэчаіснасці. Верш М. Засіма быў блізкі да народна-паэтычнага гумару, але вылучаўся індывідуальным стылем выказвання, нёс на сабе знак натуры самабытнай, самавітай. Прынамсі, два гумарыстычна-сатырычныя вершы М. Засіма 30-х гадоў «Парагвай» і «Мы нічым так не багаты» сталі хрэстаматыйнымі.

Амаль у адначассі з М. Танкам (хто на год, хто на два-тры пазней) на літаратурную ніву Заходняй Беларусі ўступілі паэты Анатоль Бярозка, Сяргей Хмара, Анатоль Іверс, Алесь Дубровіч, Сяргей Крывец, Ніна Тарас.

Сяргей Хмара (Сіняк) (1912—1992), мяркуючы па часопісных публікацыях, як паэт рос паволі. Магчыма, прычынай замаруджвання паэтычнага росту была ранняя турма, няпросты пошук свайго месца ў постграмадаўскія часы ў вызваленчым руху. Водгалас драматычных перажыванняў глуха адчуваецца ў вершах зборніка «Жураўліным шляхам», хоць дамінуе ў ім бадзёры, аптымістычны настрой. У дынамічным рытме, маштабных і лакальных вобразах паэт умее перадаць сваю веру, упэўненасць у здольнасць вызваленчага руху, маладых сіл Беларусі супрацьстаяць няволі, паніжэнню і перамагчы. У праграмным вершы «Мы» (ім адкрываецца зборнік С. Хмары) паэт палемічна выказвае крэда мастака-змагара. Пакаленне маладых паэтаў-змагароў, ад імя якіх прамаўляе С. Хмара, ён называе «маладой ускалоссю Вялікай Сябрыны», а час, які выпаў ім, — часам, «стагоддзі што ломіць».

Верш Анатоля Іверса (Івана Міско, 1912 г. н.) вылучаецца акварэльнасцю. У Іверса лёгка вар'іруюцца настраёвыя пейзажныя матывы, на якія кладуцца, аднак, час ад часу цені глыбейшых, сацыяльна дэтэрмінаваных перажыванняў. У вершы «Загарэліся іскрамі зорнымі» Іверс асэнсоўвае некаторыя палітычныя рэаліі заходнебеларускай рэчаіснасці, праз пейзажны матыў лапідарна перадае лёс сям'і зняволенага ў астрозе земляроба. Лірычны герой А. Іверса — рамантык. Ён гатоў вартаваць зару, сабраць зоркі, каб сыпнуць іх на славу роднай Беларусі (вершы «Я выйду ў прастор безбярэжжаў», «Да жніва», «У шуме жыта»). У цэлым жа грамадзянскія матывы зборніка Іверса «Песні на загонах» (1939) яшчэ не адліліся ў высокапаэтычныя строфы, хоць лірыцы паэта наогул не бракуе пяшчоты, шчырасці, душэўнай цеплыні.

Як большасць паэтаў Заходняй Беларусі, цяжкую жыццёвую школу прайшоў Сяргей Крывец (1909—1945). Многае з перажытага паэтам было наканавана агульным беларускім лёсам: бежанскае дзяцінства, маладосць, растрачаная хлопцам з наднёманскай вёскі ў пошуках хлеба, наёмнай працы цесля ў Гродне, Беластоку, заўчасная смерць пад Гдыняй вясною 1945-га, калі трэба было прыспешыць перамогу над фашызмам. Вялікі знаўца і прыхільнік заходнебеларускай паэзіі, яе апякун, выдавец і крытык Р.Р. Шырма ў прадмове да пасмяротнай кнігі вершаў С. Крыўца даваў высокую ацэнку асобе і таленту паэта: «Сяргей Крывец быў паэтам-грамадзянінам, які заўсёды з запалам выступаў супраць тых, хто нясе няволю народам, хто творыць гвалты над светам» (Крывец С. Дубок. Мн., 1972. С. 5.). I яшчэ: «...Гэта быў цудоўны, востры і моцны талент». У вершаваных радках, снаваных сталяром беластоцкіх будоўляў, чуюцца гарт душы, шырокі кругагляд, дасягнуты дапытлівым розумам, мэтанакіраванай самаадукацыяй. Вершы С. Крыўца грунтуюцца на асабістым перажыванні, перададзеным часта з досціпам, іроніяй («Крызіс», «Сыплюць думкі», «Шэрая гадзіна»). Паэтычны сінтаксіс С. Крыўца мае размоўную аснову, вылучаецца сцісласцю фразы, афарыстычнасцю мастацкага абагульнення.

Здабыткі заходнебеларускай прозы 1930-х гг. даволі сціплыя.

Не здрадзіўшы лірыцы, выступаў у галіне прозы Хв. Ільяшэвіч, з нахілам якраз да псіхалагічнай яе плыні. Празаічная спадчына Хв. Ілляшэвіча небагатая: складае каля дзесяці апавяданняў. Газета «Родны край», інфармуючы пра вечар пісьменніка ў зале Віленскага універсітэта, засведчыла, што разам з вершамі і апавяданнямі аўтар пазнаёміў слухачоў і з фрагментамі рамана «Туман» (Родны край. 1936. 15 лістап.). Героямі навел і апавяданняў Хв. Ільяшэвіча з'яўляюцца, як правіла, маладыя інтэлігенты, студэнты або выпускнікі вышэйшай вучэльні, што шукаюць сваё месца ў жыцці, часам проста працу. У большасці выпадкаў — свядомыя свайго грамадзянскага абавязку перад простым людам, спаміж якога вышлі. Зведаўшы навуку, атрымаўшы веды, яны імкнуцца быць грамадска карыснымі на месцы сваёй працы: усведамляць сялян, дапамагчы закласці кааператыў, каб вызваліць рабачая ад зыску пасрэднікаў (апавяданне «На ростані»). У асобных герояў твораў Ільяшэвіча за плячыма пэўны жыццёвы досвед. Так, Алесь з апавядання «Сосны шумяць» не можа ўладкавацца на працу з-за сваёй недабранадзейнасці ў вачах улады. Часова прыняты на лесапавал, ён аказваецца хутка звольнены. «Падзякуйце, што я так, без паліцыі. ...Нам бунтароў не трэба», — чуе ён ад служачага лясніцтва (Дальны М. Сосны шумяць // Зборнік «Роднага краю» за 1934 год Вільня, 1935. С. 89.). Для Алеся шчасце — у барацьбе, і аб гэтым кажа ён сваёй змарнелай маці, якая сустракае звольненага сына на станцыі. Хоць у апавяданні «Шопат зямлі» пісьменнік лакалізуе дзеянне (яго героі — вясковыя хлопцы, што вязуць прадаваць вазамі сена ў Беласток), яму ўдаецца намаляваць шырокую панараму заходнебеларускага жыцця, высвеціць нейкі тыповы чалавечы лёс, пранікнёна перадаць адчуванне, перажыванні асноўнага героя. Найчасцей сюжэт у апавяданнях Ілляшэвіча (Дальнага — псеўданім) разгортваецца паволі, асобныя мясціны памячаюцца як бы пункцірна. Замалёўкі прыроды, аўтарская рэфлексія адыгрываюць у ім значную ролю, маюць філасофскі падтэкст.

Спрабаваў свае сілы ў прозе і М. Васілёк. Апублікаваныя пісьменнікам у 1937—1938 гг. у «Калоссі» апавяданні «Крыўда» і «Развітанне» па мастацкай фактуры, псіхалагізме былі добрай заяўкай на эпіку. У апавяданні «Развітанне» Васілёк паспрабаваў вывесці новы для заходнебеларускай літаратуры мастацкі характар — вобраз важака рабочай моладзі. Недахоп адпаведнай жыццёвай і эстэтычнай практыкі, аднак, адбіўся на кампазіцыйнай арганізацыі матэрыялу, не дазволіў дасягнуць неабходнай мастацкай завершанасці твора.

У галіне драматургіі ў заходнебеларускай літаратуры 1930-х гг. працавала, як і ў прозе, таксама няшмат аўтараў.

Даць нешта новае, узятае непасрэдна з жыцця беларускай моладзі, захопленай ідэяй нацыянальнага адраджэння, паспрабаваў Я. Рушчанец, самадзейны аўтар з Беласточчыны. Выдадзеныя БІГіК паасобку два сцэнічныя абразкі Рушчанца «Першыя ластаўкі» і «Зорка-ідэя» былі актуальныя сваёй праблематыкай (моладзь, яе шляхі да нацыянальна-вызваленчай барацьбы), аднак у мастацкім плане выглядалі даволі слаба (статычнасць дзеі, слабая індывідуалізацыя персанажаў).

Спрабаваў пісаць п'есы і М. Машара. У двухактоўцы «Вось тут і зразумей» (1934) ён засведчыў уменне ў адпаведнасці з законамі сцэнічнага мастацтва разгортваць фабулу, нязмушана будаваць дыялог ды характарыстычна індывідуалізаваць мову герояў. Сцэнічны жарт «Чорт з падпечча» (1936) і драма ў трох актах «Лёгкі хлеб» (1936) абапіраюцца на драматургічную практыку Ф. Аляхновіча і М. Гарэцкага. Сюжэт аднаактоўкі «Чорт з падпечча» заснаваны на ў многім на народна-фальклорнай глебе і расказвае пра выкрыццё мужам нявернай жонкі. У п'есе «Лёгкі хлеб» дзеянне адбываецца ў вёсцы і горадзе: пісьменнік імкнецца адлюстраваць пэўныя змены ў беларускім грамадстве, прыход паасобных прадстаўнікоў сяла ў нацыянальна-вызваленчы рух. М. Машару ўдалося паказаць эвалюцыю ў светапоглядзе прадстаўнікоў вёскі, стварыць даволі пераканаўчыя вобразы галоўнай гераіні Веры Мутэркі, яе бацькоў, антыгероя — булахоўскага афіцэра Крукоўскага.

П'еса «Забойства ў доме № 37» (1931) Ф. Руткоўскага вызначана ў жанравым плане як фарс. Дадзены твор цікавы ў першую чаргу тым, што аўтар закрануў у ім новую для ўсёй беларускай літаратуры таго часу праблематыку — норавы і метады працы некаторых прадстаўнікоў правінцыйнага друку. Акрамя таго, п’еса даволі неблагая ў мастацка-эстэтычным плане: дзеянне ў ёй разгортваецца досыць імкліва, дынамічна, персанажы (а ў некаторых з іх "гаворачыя" прозвішчы — напрыклад, рэпарцёр газеты Нюх; рэдактар газеты Манюка) у моўных і характаралагічна-паводзінавых адносінах вызначаюцца значнай ступенню індывідуалізацыі.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Ліс А.С. Літаратура Заходняй Беларусі // Гісторыя беларускай літаратуры ХХ стагоддзя: У 4 т. Т. 2. - Мн., 1999. С. 210-281.

2. Краўцоў М. Маскалёвы дзеці // Беларускі звон. 1921. № 22-23

3. Канчэўскі I. Вераснёвае пано // Наша будучына. 1923. № 4

4. Гніламёдаў У.В. Ад даўніны да сучаснасці: Нарыс пра беларускую паэзію. Мн., 2001.

5. Сцягі і паходні. Мн., 1966.

6. Канчэўскі I. Мы разам // Заходняя Беларусь. С. 8.

7. Ростані волі. З заходнебеларускай паэзіі - Мн., 1990.

8. Анталогія беларускай паэзіі: У 3 т.- Мн., 1993. Т. 1-2.

9. Грывіч. На парозе 1386 году / Грывіч // Родныя гоні. Кн.4. С. 2-7.

10. Дзядзька Пранук Стася / Дзядзька Пранук // Беларускі звон. 1921. № 20, 21, 23.