Смекни!
smekni.com

Літаратурная навука ў ХІХ стагоддзі (стр. 2 из 7)

Сент-Бёў першым звярнуў увагу на адрозненні паміж літаратурна-крытычным і навуковым літаратуразнаўчым аналізам. У сваіх даследаваннях вучоны імкнуўся паказаць асаблівасці творчасці пісьменніка праз яго біяграфію. У нарысе "П’ер Карнэль" (1829) Сент-Бёў так фармулюе ідэю свайго метаду: "У галіне крытыкі і гісторыі літаратуры няма, відаць, больш займальнага, больш прыемнага і разам з тым больш павучальнага чытання, як добра напісаная біяграфія вялікіх людзей <. > старанна складзеныя, часам нават крыху шматслоўныя апавяданні аб асобе і творах пісьменніка, мэта якіх - пранікнуць у яго душу, асвоіцца з ім, паказаць яго з самых розных бакоў".

Разам з тым неабходна адзначыць, што ў Сент-Бёва ў падыходзе да літаратурных з’яў хоць і мела месца біяграфічная дамінанта, аднак вучоны не замыкаўся ў вузкіх межах спавядаемага ім метаду.

У т. зв. "чыстым" выглядзе біяграфічны метад праіснаваў нядоўга. Своеасаблівае прымяненне ён знайшоў у метадалогіі буйнейшых заходнееўрапейскіх літаратуразнаўцаў ХІХ ст.І. Тэна і Г. Брандэса.І. Тэн лічыў Сент-Бёва сваім настаўнікам і адным з тых, хто падрыхтаваў культурна-гістарычны метад.Г. Брандэс стварыў шэраг таленавітых літаратурных партрэтаў і біяграфій пісьменнікаў (Шэкспіра, Гётэ, Вальтэра, Ібсэна і некат. інш.), выкарыстоўваючы многае з метадалогіі Сент-Бёва.

К пачатку ХХ ст. прыхільнікі біяграфічнага метаду (Р. дэ Гурмон у Францыі, Ю. Айхенвальд у Расіі і інш.) ачысцілі яго ад "лішніх элементаў" (у Ш. Сент-Бёва яны лічылі такімі сацыяльныя і мастацкія ідэі стагоддзя; у І. Тэна - уплыў расы, асяроддзя і моманту; у Г. Брандэса - характарыстыку грамадскіх рухаў) і звярнуліся да раскрыцця патаемнага "я" мастака ў русле крайняга імпрэсіянізму.

літаратурная навука міфалагічная псіхалагічная

У беларускім літаратуразнаўстве біяграфічны метад не меў значнага пашырэння; толькі ў асобных працах, такіх, напрыклад, як "Новая беларуская паэма" М. Байкова, "Аповесць "У палескай глушы" М. Піятуховіча, "Трыццаць год" Я. Бранштэйна, істотна перабольшвалася роля біяграфіі аўтараў у плане яе ўздзеяння на творы.

Сучаснае айчыннае літаратуразнаўства прызнае біяграфічны метад як прыватны прыём даследавання, які вывучае біяграфічныя элементы ў якасці адной з крыніц тэматыкі, праблематыкі і мастацкіх вобразаў твораў.

1.4 Культурна-гістарычная школа

Дадзены накірунак у літаратуразнаўстве склаўся к сярэдзіне ХІХ ст. Галоўныя імпульсы культурна-гістарычная школа атрымала ад культуралогіі позніх нямецкіх асветнікаў і рамантыкаў, ад французскай рамантычнай гістарыяграфіі (Ф. Гізо, О. Цьеры, Ж. Мішле), ад пазітывісцкай філасофіі А. Конта, а таксама часткова ад біяграфічнага метаду (Ш. Сент-Бёў). У аснову ідэй культурна-гістарычнай школы быў пакладзены філасофскі пазітывізм, які ставіў сваёй мэтай сінтэз навуковых ведаў розных галін і перабудову ўсіх навук на асновах сацыялогіі. Важнейшымі перадумовамі ўзнікнення гэтай літаратуразнаўчай школы былі агульны ўздым навукі, поспехі прыродазнаўства і тэхнікі, развіццё філасофіі, і асабліва дыялектычнага метаду ў ёй. Лічылася, што прычынна-выніковыя сувязі павінны быць выяўлены не толькі паміж з’явамі прыроды, але і паміж грамадскімі працэсамі, паміж з’явамі і асяроддзем; філалогія, як і іншыя "сур’ёзныя" навукі, патрабуе доказнасці і "дакладнасці".

Ля вытокаў культурна-гістарычнай школы стаяў вядомы французскі філосаф, эстэтык, тэарэтык літаратуры і мастацтва Іпаліт Тэн (1828-1893). Ён і сфармуляваў ва "Уводзінах да "Гісторыі англійскай літаратуры" (1863) важнейшы прынцып метадалогіі культурна-гістарычнай школы - трыяду "раса" - "асяроддзе" - "момант".

Пад "расай" Тэн разумеў "прыроджаныя і спадчынныя схільнасці, якія чалавек прыносіць з сабой у свет і якія звычайна суправаджаюцца розніцай у тэмпераменце і пабудове цела". На гэтай падставе вучоны выдзяляе германскія, раманскія і іншыя народы альбо "плямёны" з характэрнымі для кожнага з іх асаблівасцямі нораваў, псіхалогіі, побыту, сацыяльнай арганізацыі жыцця. Розніцу нацыянальнага жыцця пры агульных "племянных" уласцівасцях Тэн тлумачыў з дапамогай паняцця "асяроддзе". Прычым, сюды ён уключае і палітычныя абставіны, і стан розумаў з акаляючым асяроддзем, і т. зв. "маральную тэмпературу". Усё гэта вызначана мірным альбо ваенным часам, дэспатычнай манархіяй альбо дэмакратычнай рэспублікай, і г. д. І, урэшце, нацыянальны характар і акаляючыя абставіны ўздзейнічаюць, па Тэну, не на чыстую "дошку" (tabula rasa) мастацкай творчасці, а на "дошку", дзе ўжо штосьці ёсць. "Адзін мастак з’яўляецца папярэднікам, другі - пераемнікам, першы не мае ўзору, а другі мае ўзор, першы бачыць прадметы тварам да твару, а другі праз пасрэдніцтва першага". Так І. Тэнам удакладняецца паняцце "моманту", у якім у шырокім сэнсе прадстаўлена пэўная гістарычная эпоха, а таксама наяўнасць альбо адсутнасць традыцый.

З пазіцый трыяды "раса" - "асяроддзе" - "момант" павінны, на думку І. Тэна, ацэньвацца не толькі з’явы літаратуры і мастацтва мінулага, але і сучаснасці.

Прынцыповая рыса і важная навуковая заваёва культурна-гістарычнай школы - гэта яе гістарызм, свядома ўзведзены ў ранг метаду. У супрацьлегласць нарматыўным тэорыям ХVІІ-ХVІІІ стст., якія засноўваліся на пазачасавым супрацьпастаўленні мастацтва "правільнага", якое належыць цывілізаваным народам, і "няправільнага", "дзікага", "няспелага", культурна-гістарычная школа стала разглядаць мастацкі твор як арганічны адбітак "духу" народа ў розныя гістарычныя моманты яго жыцця. Як адзначаў І. Тэн, "…мастацтвы з’яўляюцца і знікаюць адчасова з пэўнымі плынямі ў галіне думкі і нораваў, з якімі яны звязаны". Адсюль - сцвярджэнне раўнапраўя мастацтва любога народа, эпохі, стылю, а таксама пераарыентацыя літаратуразнаўства на вывучэнне заканамернасцей, якія кіруюць развіццём культурна-гістарычнага свету.

Прадстаўнікі культурна-гістарычнай школы лічылі асноўнымі прынцыпамі даследавання матэрыяльнай і духоўнай культуры "нейтральнасць", "аб’ектывізм" і "беспартыйнасць", а асноўнай задачай навукі - не столькі тлумачэнне фактаў, колькі збіранне і назапашванне іх. Вучонымі гэтай школы ўпершыню была зроблена спроба на аснове прынцыпаў пазітывізму гістарычна вытлумачыць з’явы грамадскага жыцця, літаратуры і мастацтва, а таксама сфармуляваць задачы новай метадалогіі вывучэння літаратуры. Па І. Тэну, даследаванне літаратуры павінна засноўвацца на шырокім прыцягненні і выкарыстанні фактаў, абумоўленых і акрэсленых яго славутай трыядай, а менавіта: фактаў, якія ўказваюць на своеасаблівасці "культурнага асяроддзя" і грамадскай псіхалогіі; момантаў, звязаных з асаблівасцямі "расы" і абумоўленых біялагічнымі прыкметамі, а таксама прыкметамі клімату, мясцовасці і гістарычных абставін; нюансаў біяграфіі пісьменніка і яго псіхалогіі.

Некаторыя з прадстаўнікоў культурна-гістарычнай школы (напрыклад, французскі вучоны Ф. Брунэцьер) спрабавалі нават, абапіраючыся на пазітывісцкую філасофію часу, праводзіць аналогію паміж мастацкім творам і біялагічным арганізмам.

Акрамя ўжо ўпамянутых вышэй французскіх вучоных І. Тэна і Ф. Брунэцьера, у традыцыях культурна-гістарычнай школы напісаў свае даследаванні (манаграфіі аб Буало, Карнэлі, Вальтэры; сінтэтычная праца "Гісторыя французскай літаратуры"; даследаванні па тэорыі літаратуры "Метад у гісторыі літаратуры", "Прынцыпы кампазіцыі і стылю" і інш.) іх суайчыннік, буйны вучоны-літаратуразнаўца Гюстаў Лансон (1857-1934). Гісторыю літаратуры Лансон разглядае як частку гісторыі цывілізацыі. Галоўная ўвага даследчыка, на яго думку, павінна быць накіравана на вывучэнне літаратурных тэкстаў, выяўленне аўтарскай індывідуальнасці, літаратурных традыцый, школ і раскрыццю на гэтай аснове разумовага, этычнага і сацыяльнага жыцця краіны, еўрапейскай літаратуры і цывілізацыі ў цэлым.

Галоўным прадстаўніком культурна-гістарычнай школы ў Германіі стаў гісторык і мастацтвазнаўца Герман Гетнер (1821-1882). Асноўнай працай Гетнера з’яўляецца шасцітомная "Гісторыя ўсеагульнай літаратуры ХVІІІ стагоддзя" (1856-1870). Апісанню кожнага гістарычнага этапа літаратурнага развіцця Англіі, Францыі і Германіі папярэднічае ў гэтым даследаванні грунтоўны разбор грамадска-гістарычных і ідэалагічных перадумоў. Акрамя таго, даследчык, разглядаючы літаратурны працэс эпохі Асветніцтва ў адзначаных краінах, спрабуе выявіць моманты ўзаемаўплыву і ўзаемадзеяння іх літаратур.

На аснове метадалогіі культурна-гістарычнай школы напісаны і найбольш значныя працы - "Гісторыя нямецкай літаратуры" (1880-1883) і "Паэтыка" (1888) - яшчэ аднаго нямецкага філолага Вільгельма Шэрэра (1841-1886). Будучы прыхільнікам пазітывізму, Шэрэр абгрунтоўваў прымяненне ў філалогіі метадаў прыродазнаўчых навук.

Аб’яднаў і сінтэзаваў у даследаваннях літаратурных з’яў культурна-гістарычную метадалогію і прынцыпы біяграфічнай школы знакаміты дацкі крытык і гісторык літаратуры Георг Брандэс (1842-1927). Ён удзяляў таксама ўвагу і параўнальнаму даследаванню еўрапейскіх літаратур. Брандэс стварыў шэраг таленавітых літаратурных партрэтаў пісьменнікаў і грамадскіх дзеячаў. Асабліва цікавыя яго манаграфіі аб Шэкспіры, Гётэ, Вальтэры, Ібсэне, Б’ёрнсане, нарысы аб французскіх і рускіх пісьменніках. Брандэс з’яўляецца таксама аўтарам грунтоўнай тэарэтычнай працы "Галоўнейшыя плыні ў еўрапейскай літаратуры ХІХ стагоддзя".

Даволі моцна выявілася культурна-гістарычная школа і ў рускай літаратурнай навуцы.

Самым значным прадстаўніком культурна-гістарычнай школы ў Расіі быў акадэмік Аляксандр Пыпін - аўтар такіх грунтоўных прац, як "Характарыстыкі літаратурных меркаванняў ад дваццатых да пяцідзесятых гадоў" (1873), "Бялінскі. Яго жыццё і перапіска" (1876), чатырохтомная "Гісторыя рускай літаратуры" (1890-1892), "Гісторыя славянскіх літаратур" (1879) і інш.