Смекни!
smekni.com

Развiцце беларускай лiтаратуры ў 1930-я г. (стр. 3 из 7)

З. Бядуля, усведамляючы небяспеку апісальнасці, калі засвойваецца новая тэматыка, нават такая традыцыйная, як вясковае жыццё, ахвотна выкарыстоўваў навелістычны, востры, цэнтраімклівы сюжэт. Апавяданні з цыкла «Незвычайныя гісторыі» (1931) свядома будуюцца на рэзкіх антытэзах і кантрастных супрацьстаўленнях. Так, напрыклад, Сымон Канцавы, герой апавядання «Дзве ночы», запісаўшыся ў калгас, апынаецца паміж двух агнёў, бо яго жонка супраць таго, каб аддаць карову і пазбавіць уласную дачку пасагу, а багаты хутаранін Антон пагражае са свайго боку. Сымон, актыўны агітатар на людзях, застаўшыся сам-насам, не можа пазбавіцца ад трывожных прадчуванняў і сумненняў. З. Бядуля імкнуўся стварыць вобраз дзейснага чалавека, які не толькі сузірае, але разважае і прымае рашэнне, авалодвае сітуацыяй, а гэта ўжо герой навелы – жанру, які ўзнік у новы час. У апавяданнях «Свінарка Фрэйда» (1934) і асабліва «Віхор» (1935) пераважае новы тып апавядальнага жанру, для якога характэрны вострая інтрыга, дынамічны сюжэт, раманны пачатак. Аднак жанравае і стылявое вынаходніцтва празаіка слаба ратавала яго апавяданні ад павярхоўнасці і дэкларатыўнасці.

Вызначэнне «навела» адпавядае і апавяданням М. Зарэцкага і М. Лынькова. М. Зарэцкі ўжыў яго нават у назве «Навела пра каханне» (1935): сюжэт твора трымаецца на раптоўнай змене жыццёвай сітуацыі, у якой дзейнічаюць героі. Трактарыст Уладзік, адстойваючы сябе як асобу перад спакойнай і разумнай жонкай Верай, песціць у душы мару «аб невядомым подзвігу». Яго мара заканчваецца тым, што герой трапляе ў аварыю і толькі апынуўшыся на бальнічным ложку, нарэшце згаджаецца з жонкай, што трэба проста «жыць, вучыцца, працаваць». У адпаведнасці з вызначэннем жанру «Навела пра каханне» сапраўды паэтызуе выпадак з жыцця і не прэтэндуе на нешта большае.

Апавяданне як малафарматны жанр давала магчымасць для творчай самарэалізацыі і маладым празаікам, якія, хоць і не так бурна, як іх папярэднікі, усё ж уваходзілі ў літаратуру і ў 30-я гады. І. Грамовіч, У. Краўчанка, М. Лупсякоў, А. Міронаў, М. Паслядовіч, А. Стаховіч, некаторыя менш вядомыя празаікі, імёны якіх згадваў, а асобныя апавяданні аналізаваў у сваіх аглядных артыкулах К. Чорны, адрозніваліся ад сваіх папярэднікаў большай літаратурнай адукаванасцю, пазітыўным стаўленнем да традыцыі і культуры творчасці, былі назіральнымі і добра ведалі народную гаворку. У апавяданнях М. Лупсякова «Сустрэча», «Белахвосты» (1938), «Багна смерці», «Помста» (1939) назіраецца ўвага да псіхалагічнай матывацыі людскіх учынкаў, уменне ўзнаўляць беларускія ландшафты, прысутнічае каларытная гутарковая мова персанажаў. М. Паслядовіча, з аднаго боку, вабіла да сябе жыццё простага чалавека з яго звычайнымі радасцямі і маленькімі адкрыццямі («Што было на балоце», 1930; «Небяспечны звер», 1933; «Мечаны заяц», 1934; «Вучоны верабей», 1936), а з другога – цікавілі падзеі, у якіх гучала рэха класавых бітваў («Марсель», 1931; «Суддзя», 1934; «Эспада Флорка», 1936). «Мастакоўскае вока», па словах К. Чорнага, які пільна сачыў за поспехамі і няўдачамі маладых празаікаў, меў I. Грамовіч («Кашміровая хустка», 1937). Вялікія надзеі падаваў У. Краўчанка, які выявіў умельства ў абмалёўцы каларытных вясковых тыпаў («Панас Карасік», 1933; «Гантар Лёнька», 1934; «На крутым павароце», 1936; «Застольная Сільвестра Наўныкі», 1938). Аднак час, эпоха не далі па-сапраўднаму разгарнуцца маладым талентам.

Сярод маладых празаікаў, якія пачалі друкавацца у канцы 20-х і пачатку 30-х гадоў, прыкметна вылучалася творчасць Э. Самуйлёнка. У апавяданні «Паляўнічае шчасце» (1933), якое ўвайшло ў школьныя хрэстаматыі, выявіліся найбольш прыкметныя якасці пісьменніцкай індывідуальнасці Э. Самуйлёнка: дакладнае адчуванне псіхалогіі герояў, майстэрскае валоданне маналогам, паэтычны погляд на чалавека працы, уменне стварыць вострую сітуацыю, у якой чалавек раскрываецца дарэшты, схільнасць да яркай фабулы і дынамічнага сюжэта. Многіх гэтых якасцей якраз і не ставала апавяданню 30-х гадоў. Празаіка захапляла ўласнае ўменне ствараць заблытаны сюжэт, будаваць вострую інтрыгу, нагружаць фабулу падзеямі («Русалчыны сцежкі», 1931; «Цагліна каземату», 1932; «Пункт апоры», 1934). Э. Самуйлёнак быў блізкі да вырашэння складанай задачы, над якой марна біліся і больш таленавітыя, і больш вопытныя празаікі: ён стварыў вобраз «новага чалавека», «станоўчага героя», калектывіста па сваіх поглядах і жыццёвых паводзінах.

У творах на тэму барацьбы за мір, супраць фашызацыі Еўропы напярэдадні другой сусветнай вайны (а дадзеная тэма з'яўлялася як бы «адкрытай», нават заахвочваемай савецкай ўладай) пафасна выяўлялася непрыняцце антычалавечых ідэй, якія атрымалі распаўсюджанне не толькі ў Заходняй Еўропе. Адным з першых апавяданняў на гэту тэму было апавяданне Ц. Гартнага «Смерць Германа Васермана» (1930). Аўтар удала выкарыстаў тут прыём гратэску ў паказе абсурднай нямецкай рэчаіснасці рубяжа 1920–1930-х гг., дзе пачынае браць верх атмасфера падазронасці, палітычнага шпіянажу, распальвання чалавеканенавісніцкіх ідэй, знішчэння дэмакратычных свабод. Дарэчы, многае з адлюстраванага Ц. Гартным, праецыравалася і на савецкую рэчаіснасць.

Пашырэнне тэматычных абсягаў апавядальнага жанру было не толькі фармальнай прыкметай, яно закранала і змястоўнасць твораў. У апавяданні К. Чорнага «Макаркавых Волька» (1938), апублікаваным у самы разгар сталінскіх рэпрэсій, ад якіх пацярпеў і аўтар, прадэманстравана псіхалогія мыслення і паводзін даносчыка і ананімшчыка як аднаго з разнавіднасцей тыпова «новага чалавека», выхаванага за гады савецкай улады. Партрэт Сафрона Дзядзюлі, «кааператара», «душы ўсіх спраў», «раённага актывіста», які з паталагічнай страсцю праследуе маладую жанчыну за тое, што яна адмовілася выйсці за яго замуж, намаляваны сатырычнымі фарбамі, вельмі рэдкімі ў літаратуры таго часу, а яго ганебныя ўчынкі ацэнены адкрыта і бескампрамісна з пункту погляду гуманізму (без азначэння «сацыялістычны» ці «буржуазны»). Апавяданне К. Чорнага «Макаркавых Волька» так і засталося адзіным выключэннем з агульнага правіла, паводле якога празаікі выкрывалі капіталізм, («Ядвісін дуб» М. Лынькова, 1940), адмоўную ролю каталіцтва («Капля малака» і «Тры злотых» М. Лынькова, 1940), услаўлялі камуністычнае падполле Заходняй Беларусі («Навела без назвы» (1934) і «Спатканне» (1936) П. Галавача, «Не згасне сонца» X. Шынклера, 1939).

Зноў жа, як і ў жанры апавядання, адным з самых актыўных стваральнікаў аповесцей у 1930-я гг. быў К. Чорны. У 1930 г. ім была напісана аповесць «Вясна», у якой яшчэ можна адшукаць рудыменты лірычнага светаўспрыняцця аўтара. У творы апісваецца «ціхая радасць» селяніна, які нарэшце, як яму здавалася, атрымаў магчымасць працаваць у дружным калектыве на роднай зямлі і пазбыўся вечнага клопату «пра хлеб надзённы». Дзеянне разгортваецца тут па законах лірычнага верша, плаўна нарастаючы і гэтак жа плаўна завяршаючыся. Акаляючая ж К. Чорнага рэчаіснасць яўна кантраставала з унутраным спакойным кліматам аповесці «Вясна».

Аповесць «Межы» С. Баранавых (1930), як і «Вясна» К. Чорнага, пісалася ў час «мірнага» разгортвання калектывізацыі, калі яшчэ не было інспіраванага ўладаю рэзкага размежавання на «кулакоў» і «беднякоў», а партыйны лозунг «хто каго?» хаваўся ў запасніках. Будучыя вострыя канфлікты яшчэ толькі спеюць, а розныя адносіны да падзей выяўляюцца ў сутыкненнях бацькі і сына, якія не выходзяць за межы сям'і. Старога Пракопа хвалюе не сама калектывізацыя («Мая гаспадарка. Мая»), а працэс руйнавання ранейшага, выпрабаванага за стагоддзі ладу жыцця, які здаецца яго сыну Яўгену кансерватыўным і бесперспектыўным. Аўтар пераводзіць спрэчку з побытава-сямейнага плана ў сферу філасофіі: Пракоп глыбей разумее чалавечую прыроду, калі сумняваецца ў магчымасцях калектыўнай працы на зямлі, бо ўвесь вопыт існавання продкаў сцвярджаў, што плён дае толькі індывідуальная ініцыятыва. Наступная аповесць С. Баранавых «Новая дарога» (1932) з'явілася ў друку ў разгар класавага змагання на вёсцы, і змены ў поглядзе на падзеі закранулі яе жанравую структуру. Тут упершыню ў беларускай прозе ўзнікла сюжэтная мадэль, якая пазней неаднаразова будзе выкарыстоўвацца іншымі аўтарамі. Мадэль гэта была прамым адлюстраваннем рэчаіснасці, дзе адбывалася рэзкая палярызацыя грамадскіх сіл. Своеасаблівы «сацыяльны трохкутнік» прадстаўлялі, з аднаго боку, рабочы Вацік Такарскі, які прыехаў у вёску Муравейнікі «праводзіць партыйную лінію», а з другога – хітры і затоены вораг савецкай улады Ахрэм Танцулька, які «ў курсе справы» і разумее, што час адкрытага змагання мінуў, а таму спрытна падладжваецца пад «палітычную лінію», спадцішка дыскрэдытуючы яе. «Голас народа» персаніфікуецца ў вобразах вясковай беднаты. «Перагібшчыкі» ў выніку інтрыг «кулакоў» раскулачваюць сумленнага чалавека, былога чырвонаармейца Міхася Кляўко. У друку з'яўляецца артыкул I. Сталіна «Галавакружэнне ад поспехаў», пасля якога наступае шчаслівая развязка. У сюжэце пераважае сацыялагічная схема, а імкненне паказаць псіхалагічныя спружыны паводзін герояў адсоўваецца на другі план.

У аповесці П. Галавача «Спалох на загонах» (1931) драматызм дзеяння дасягае свайго апагею, бо супрацьстаянне класаў перарастае ў канфлікт. «Цяпер уся краіна – фронт… Сёння я ўяўляю свет суцэльным фронтам» (Галавач П. Зб. тв. Т. 2. С. 108.), – піша ў лісце свайму сябру Панас, галоўны герой гэтага твора, які не толькі дзейнічае, але і разважае над сэнсам падзей. Прыехаўшы ў Цярэшкаў Брод з мэтаю дапамагчы землякам разабрацца ў сваіх сумненнях, Панас спрабуе мысліць не толькі сацыяльна-класавымі катэгорыямі, але і выходзіць да агульначалавечых праблем: «Агульначалавечае шчасце, бачу я, ідзе пад палотнішчам, афарбаваным у кроў. Гэта сімвал нашае веры. Гэта сімвал таго, што агульначалавечае шчасце можна толькі заваяваць у жорсткім змаганні» (Там жа. С. 109.). Думкі Панаса больш падобныя на гатовыя палітычныя лозунгі. Пісьменнік пераадольвае рэшткі нарысавасці і лірычнай расслабленасці ў апісанні падзей і паказвае шпаркае нарастанне напружання, завяршаючы аповесць трагічным фіналам, калі Панас гіне ў час «бабскага бунту».