Смекни!
smekni.com

Развiцце беларускай лiтаратуры ў 1930-я г. (стр. 4 из 7)

Сацыялагічная схема, якая запанавала ў сферы ідэалогіі, уплывала не толькі на маладзейшых і менш вопытных празаікаў, але і на такіх, як Я. Колас. У яго аповесці «Адшчапенец» (1931), з аднаго боку, выявілася глыбокае разуменне трагедыі селяніна, які як «серадняк» яшчэ не паспеў перажыць асалоду працаваць на ўласнай зямлі і павінен «ударнымі тэмпамі» псіхалагічна перабудавацца на новы лад, а з другога – досыць наіўная вера ў перавагі калектыўнага гаспадарання, што адлюстравалася ў ідылічным апісанні калгаса, у якім па волі аўтара пабываў герой-праўдашукальнік.

Пэўная павярхоўнасць у адлюстраваннні калектывізацыі характарызуе таксама ў цэлым неблагую аповесць Б. Мікуліча «Чорная Вірня» (1931). Адна з цікавых асаблівасцей сюжэта гэтага твора ў тым, што ў цэнтры ўвагі яе вобраз пісьменніка, інтэлігента, які прыехаў ажыццяўляць калектывізацыю на вёску. Адпаведна ў аповесці былі так ці інакш закрануты пытанні літаратуры і мастацтва, іх месца ў грамадстве.

Асобныя захады па ўзмацненню гуманістычнага пафасу прозы назіраліся на працягу дзесяцігоддзя, але не былі належным чынам ацэнены ў неспрыяльнай атмасферы ідэалагічнага нагляду і жорсткіх рэпрэсій. Гэтыя захады выявіліся не толькі ў творчасці прызнаных майстроў слова, але і менш вядомых празаікаў, якім абставіны не далі магчымасці раскрыць свой талент. У аповесці В. Сташэўскага «Пад местачковым месяцам» (1930) створаны сакавітыя малюнкі местачковага побыту, асобныя каларытныя вобразы (гандляра Майзельсона, старога Лейбы). Пазбягаючы публіцыстычных спрашчэнняў, аўтар міжволі паглыбляўся ў апісанне звычайнага жыцця звычайных людзей і з асалодай узнаўляў мілыя яго сэрцу падрабязнасці. Тое самае адбывалася і ў аповесцях С. Знаёмага «Ганчары» (1933) і «Біяграфія майго героя» (1934), у якіх спачуванне аўтара простаму чалавеку выявілася ў шырокім выкарыстанні «сентыментальнага стылю», названага тагачаснай крытыкай прыналежнасцю «наццэмаўшчыны». Аднак у другой палове 30-х гадоў «здаровая рэалістычнасць» перамагла, і ў прозе запанавалі партыйная публіцыстыка, аўтарытарны стыль, жорсткія сінтаксічныя канструкцыі, запазычаныя з тэкстаў урадавых пастаноў і інструкцый.

Асабліва моцна змены закранулі «гарадскую», «індустрыяльную» аповесці, якія з'явіліся водгукам на заклік ствараць «гісторыю фабрык і заводаў». Ужо ў аповесці З. Бядулі «Таварыш Мінкін» (1930) выходзіць на пярэдні план вобраз кіраўніка, вылучэнца з рабочых, які змагаецца з бюракратызмам, з адсталымі мяшчанскімі настроямі, дзеля чаго спасцігае азы фінансавай справы і заваёўвае «папяровы фронт». Псіхалагічная матывацыя паводзін Саламона Мінкіна часта наіўная, бо кіруе ім галоўным чынам «класавы інстынкт». П. Броўка на заклік партыі «вывучаць жыццё» адказаў тым, што паўгода «жыў жыццём папяровай фабрыкі», каб потым напісаць нарысавую аповесць «Каландры» (1931). А аповесць Б. Мікуліча «Наша сонца» (1931) узнікла як спроба стварыць вобраз «новага чалавека»: у творы – гэта камсамолец Анатоль Шастакоў, які жыве выключна грамадскімі інтарэсамі, а да ўсяго асабістага абсалютна абыякавы. Абсалютызацыя тэмы працы заўважаецца ў аповесцях А. Стаховіча «Пампей Шчупак» (1940) і М. Паслядовіча «Магістральны канал» (1940). Такім чынам аповесць апынулася перад пагрозай знікнення, ператварыўшыся ў апісанне вытворчага працэсу з выкарыстаннем асобных элементаў мастацкасці.

Эпічны пачатак аповесці, якая прэтэндуе на аб'ектыўны паказ рэчаіснасці, спрабавалі падтрымаць старэйшыя празаікі – Я. Колас, З. Бядуля, К. Чорны. У аповесці Я. Коласа «Дрыгва» (1932–1933), якая неўзабаве пасля публікацыі ў друку набыла вялікую папулярнасць, свядома падкрэсліваўся летапісна-легендарны маштаб падзей грамадзянскай вайны. Вобраз дзеда Талаша таксама задумваўся як вобраз, які ўвасабляў нацыянальны характар беларуса, а палеская экзотыка толькі адцяняла гэту характарнасць героя. Шырокая ўрачыстая танальнасць апавядання час ад часу зніжалася за кошт падрабязнага апісання побыту і добразычлівага аўтарскага гумару. Дзед Талаш – паўстанец, партызан, вольналюбівы чалавек, для якога галоўнае – уласная незалежнасць і адмаўленне уніфікацыі, што запанавала ў савецкім грамадстве падчас напісання аповесці. Захаваўшы псіхалагічную праўдзівасць у абмалёўцы персанажаў, Я. Колас здолеў надаць твору эпічны размах і драматычную напружанасць сюжэта. Нездарма «Дрыгва» неўзабаве набыла сцэнічнае ўвасабленне пад назвай «У пушчах Палесся».

Неблагімі ў цэлым творамі сярэдзіны – канца 1930-х гг. сталі аповесці З. Бядулі «Набліжэнне» (1935) і «У дрымучых лясах» (1939). У біяграфіі героя аўтар бачыў выяўленне біяграфіі свайго пакалення, вядучых тэндэнцый эпохі войнаў і рэвалюцый. У гэтых творах шмат праўдзівых апісанняў побыту яўрэйска-беларускіх мястэчак, моцны пафас гуманізму ў паказе трагічнага лёсу землякоў празаіка і складанага шляху галоўнага героя Левіна. Разам з тым, З. Бядуля не змог супрацьстаяць уплыву вульгарна-сацыялагічных схем, якія запанавалі ў гэты час у літаратуры, што выявілася ў фарсіраванні выспявання рэвалюцыйнай свядомасці і Левіна, і местачкоўцаў.

Аповесць К. Чорнага «Люба Лук'янская» (1936) адчула на сабе моцнае ўздзеянне эпічных задум празаіка, што выявілася ў яе раманным па свайму характару змесце, у маштабным развароце падзей, людскіх лёсаў, у філасофскай заглыбленасці і псіхалагічнай матывацыі ўчынкаў герояў. Узмацненне эпічнага пачатку заўважаецца і ў пераносе цэнтра цяжару са статычнага апісання асобных эпізодаў і характараў на драматычны рух сюжэта, на паказ скразнога дзеяння, якое дасягае сваёй кульмінацыі ў эпізодзе нечаканай сустрэчы ў адным месцы адразу ўсіх герояў, калі адкрываецца гістарычны сэнс «філасофіі жыцця» кожнага з персанажаў аповесці. «Люба Лук'янская» поўніцца гуманістычным пафасам сцвярджэння чалавечай асобы, яе права на шчасце і адмаўленне носьбітаў ідэі «чалавек чалавеку воўк», якія мералі на свой «вераб'іны маштаб» чалавечае жыццё.

Жанр рамана ў 1930-я гг., зноў жа, як і аповесці з апавяданнем, найбольш узбагаціў К. Чорны.

Эпічная задума рамана К. Чорнага «Ідзі, ідзі» (1930) вырасла на аснове імкнення да «шырокай перспектыўнасці» ў паказе рэчаіснасці, «узаранай» вялікімі грамадскімі падзеямі канца 20-х і пачатку 30-х гадоў. Гэта патрабавала ў сваю чаргу распрацаванага шматпланавага сюжэта, мноства галоўных і другарадных персанажаў, якія павінны былі ілюстраваць тэзіс К. Чорнага пра «рэальную шматграннасць і філасофскае адзінства» раманнага свету. Дзеля гэтага быў ужыты досыць фармальны прыём: у цэнтры сюжэта род Сегеняў, які мае свайго селяніна, пралетарыя, кулака, чыноўніка і такім чынам ахоплівае розныя сферы грамадскага жыцця. Аднак многія вобразы і праблемы твора толькі названы, раскрыты бегла і схематычна. Не ратаваў задумы і дэтэктыўны момант: у пралогу да рамана расказваецца пра забойства. Нават такі рэдкі ў тагачаснай беларускай прозе спосаб ажыўлення сюжэта, як узаемнае ліставанне герояў, якое дапамагала запоўніць прагалы паміж падзеямі, растлумачыць матывы паводзін герояў, праінфармаваць «ад аўтара» пра тое, што адбылося, выглядае ў рамане «Ідзі, ідзі» як штучны, у пэўнай меры зададзены. Тым не менш у гэтым творы К. Чорнага адчувалася напружанне пісьменніцкай думкі над складанымі праблемамі сучаснасці, узноўлена атмасфера інтэлектуальных дыскусій, філасофскага пошуку ісціны.

Разважаючы над шляхамі творчай эвалюцыі рамана, К. Чорны прыйшоў да задумы стварыць цыкл раманаў, аб'яднаных агульным матэрыялам «гісторыі беларускага народа». У адрозненне ад класікаў (А. дэ Бальзак, Э. Заля) і сучаснікаў (Р. Ралан, Дж. Галсуорсі, М. Пруст) запланаваны цыкл павінен быў складацца з асобных твораў, у кожным з якіх ставілася адна з цэнтральных у жыцці беларусаў праблем, былі свае героі, апрабоўваліся розныя спосабы мастацкага даследавання. Цыкл адкрывалі раманы «Бацькаўшчына» (1931), «Трыццаць год» (1934) і «Трэцяе пакаленне» (1935).

Раман «Трыццаць год», у якім уздымалася праблема станаўлення так званай новай, сацыялістычнай маралі, застаўся незавершаным. Празаік узнавіў у першай апублікаванай частцы духоўную атмасферу грамадзянскай вайны, калі закладваліся асновы новых дачыненняў паміж людзьмі, выявіў глыбокае разуменне псіхалогіі герояў, адчуў у іх паводзінах прысутнасць самой гісторыі. Другая частка твора, прысвечаная падзеям сучаснасці, павінна была раскрыць маральны сэнс эпохі войнаў і рэвалюцый, але пісьменнік, як часта ў яго здаралася, захапіўся новаю задумаю. Ды і час, эпоха, відаць, унеслі сваю лепту ў тое, што празаік не дапісаў дадзены твор.

Раман К. Чорнага «Бацькаўшчына» знаходзіцца ў пачатку шэрагу эпічных твораў, дзе па-мастацку асэнсоўваўся перыяд падрыхтоўкі сацыяльнай рэвалюцыі і паступовага выспявання нацыянальнай ідэі, у цэнтры якой была праблема бацькаўшчыны. Імкненне паказаць рух беларускай гісторыі як шырокую, глыбокую і бурную рачную плынь выявілася ў спробе стварыць маштабны, панарамны эпас, пашырыць жанравыя магчымасці рамана, пабудаваць сюжэт, які павінен быў стаць мастацкім аналагам самой рэчаіснасці. У вобразе Леапольда Гушкі акрамя яго індывідуальных асаблівасцей («таямніца» паходжання, незразумелая навакольным упартасць у дасягненні мэты і разам з тым дзіўная трапятлівасць, якая часам у хвіліны разгубленасці пераходзіць у мітуслівасць) паказаны цяжкі шлях беларусаў да свабоды і незалежнасці. Мастацкае апавяданне з сацыяльна-гістарычнага плана паступова пераходзіць у план філасофскага асэнсавання «беларускага шляху», імкнення зразумець нацыянальную псіхалогію ў пераломны перыяд беларускай гісторыі. Наватарства Чорнага-раманіста заключаецца ва ўменні паказваць духоўны рост галоўнага героя ў цеснай лучнасці з рухам гісторыі: чалавек з'яўляецца творцам жыццёвага працэсу, а жыццё ў сваю чаргу стварае чалавека, шліфуе яго характар, вызначае яго лёс. Многія знаёмыя па творах класікаў вобразы, карціны, сюжэтныя хады («разбуранае гняздо», «родны кут») пад пяром К. Чорнага набылі маштабы нацыянальнай трагедыі. Аднак трагедыі з аптымістычным фіналам, што адпавядала філасофіі гісторыі, якую праводзіў у сваёй творчасці пісьменнік. Нездарма раман «Бацькаўшчына» быў перароблены яго аўтарам у аднайменную п'есу: К. Чорны імкнуўся не толькі пазбавіцца ад схематызму асобных вобразаў і ілюстрацыйных сюжэтных момантаў, але і надаць раманнай інтрызе высокае духоўнае напружанне, як мага больш драматызаваць сюжэт, завастрыць сацыяльны канфлікт.