Смекни!
smekni.com

Заходняя Беларусь пад акупацыяй Польшчы (стр. 1 из 9)

Заходняя Беларусь была падзелена польскім урадам на ваяводзтвы: Віленскае, Наваградзкае, Беластоцкае і Палескае, як звычайныя адміністрацыйныя адзінкі Польшчы. Польскі ўрад не прызнаваў беларусаў за асобны народ, лічыў Заходнюю Беларусь адвечнай польскай зямлёй і распачаў антыбеларускую палітыку ўва ўсіх галінах: палітычнай, культурнай і эканамічнай. На рэлігійныя дачыненьні была зьвернена асаблівая ўвага ўраду. "Рымска-каталіцкае веравызнаньне, - паводля польскай канстытуцыі - будучы веравызнаньнем пераважаючай часткі насельніцтва, займае ў дзяржаве пяршынствуючае палажэньне сярод іншых роўнапраўных веравызнаньняў". Належыць адцеміць, што каталіцкая царква на Беларусі мела нацыянальна польскі характар.

Дачыненьні польскіх дзяржаўных дзейнікаў да праваслаўнай царквы, якую яны атрымалі па Расеі на Заходняй Беларусі і Украіне, мелі характар талеранцыі, якая фактычна вылівалася ў форму дыскрымінацыі і варожасьці.

Каб мець разьвязаныя рукі пры полёнізацыйнай акцыі адносна праваслаўнай царквы, адносіны дзяржавы да праваслаўнай царквы ў Польшчы ня былі ўрэгуляваны законам праз увесь час існаваньня Польшчы. У гэтай справе былі выдадзеныя 16 лютага 1922 г. за подпісам тагачаснага Міністра Асьветы і Веравызнаньняў А. Поніковского, і агалошаныя ў Манітары Польскім № 38, гдзе друкуюцца распараджэньні і рэклямы, а не ў Дзёньніку Законаў Рэчыпаспалітай Польскай, „Тымчасовыя прадпісаньні аб адносінах ураду да „Праваслаўнай Царквы ў Польшчы", для пераходнага часу да пары прыняцьця закону нармуючага адносіны Польскай Дзяржавы да Праваслаўнай Царквы, згодна з вымаганьнем арт.115 Канстытуцыі з 17 сакавіка 1921 г. "

У Заходняй Беларусі і Ўкраіне ў паветах суседуючых з Польшчай, на Падляшшы і Холмшчыне ў гадох 1918-1920 праваслаўныя беларусы і ўкраінцы мелі 383 цэрквы. У першых гадох па апанаваньні гэтых земляў праз Польшчу да 1925 г. з гэтага ліку 320 цэркваў былі гвалтам адабраныя ад праваслаўных праз палякаў каталікоў; 150 з іх былі пераробленыя на каталіцка-польскія касьцёлы, хаця тут ніколі ў гістарычнай мінуласьці ня было каталіцкіх касьцёлаў. Частку праваслаўных цэркваў палякі перарабілі на польскія народныя дамы, 111 - запёрлі і трымалі бяз ужытку, а 39 - збурылі. Былі пазбаўлены цэркваў мясцовасьці, маючыя больш за 2000 праваслаўнага жыхарства. Этаты праваслаўных сьвятароў былі адабраныя польскім урадам. На жаданьне веруючых мітрапаліт вызначыў сьвятароў, якіх утрымлівалі самі веруючыя. Дэкрэтам з дня 16 сьнежня 1918 г. урад Пілсудзкага адабраў каля 20,000 гэктараў царкоўнай зямлі з будынкамі; гэтай зямлёй былі надзеленыя польскія вайсковыя асаднікі. У гэту пару былі адабраныя сэмінарскія цэрквы ў Маладэчне і Барунах, пераробленыя на касьцёлы.

Далейшая акцыя адбіраньня праваслаўных цэркваў па ўсей Беларусі была загадзя падрыхтоўваная польскім урадам. Польскія цэнтральныя ўлады выдалі сакрэтнае распараджэньне аб рэгістрацыі Царкоўнай зямлі пры прыходах і манастырох. Упаўнаважаныя зямлямеры павінны былі, раўналежна з гэодэзыйнай працай, дакладна абсьледваць, ці дадзеная царква была раней вуніяцкай. Балыпыня Цэркваў была калісь адабраная ад праваслаўных для вуніятаў, - і такія землі належыла, паводля сакрэтнага распараджэньня, запісваць: „Павуніяцкія землі ў карыстаньні праваслаўнай царквы". У выясьненьні да вышэй пададзенага распараджэньня гаварылася, што на аснове ўмовы польскага ўраду з Ватыканам, першы забавязаўся абнавіць собскасьць Ватыкану на былых вуніяцкіх прыходах.

Ваяводзкія ўрады адчынена праводзілі абсьледваньне цэркваў і паведамлялі прыхаджанаў аб магчымай перадачы цэркваў, з якіх калісь карысталі вуніяты, на собскасьць каталіцкім курыям, з якімі прыдзецца або дамаўляцца, або судзіцца. Адначасна дараджалася праваслаўным прыймаць вунію, і тады справа царквы сама сабой вырашаецца.

Зараз па сканчэньні 1-й Сусьветнай Вайны ў мястэчку Глыбокім аднойчы затрымаўся праездам начальнік Польскай дзяржавы Язэп Пілсудзкі. Палякі там намагаліся тады адабраць найбольшую старавінную царкву сьв. Тройцы. Настаяцель яе, прат. Мікалай Ігнатовіч, з царкоўнымі апякунамі, пераважна старымі сялянамі, наведалі Пілсудзкага і прасілі пакінуць для праваслаўных гэту царкву, бо для каталікоў ужо адабрана некалькі цэркваў у ваколіцы і яны цяпер зусім не патрабавалі больш будынкаў для касьцёлаў у Глыбокім. Пілсудзкі адказаў: „Вы адбіралі сьвятыні ад нас, а цяпер мы варочаем іх сабе назад". Тады апякуны сьцьвердзілі, што царкву сьв. Тройцы будавалі іх праваслаўныя прадзеды ў гадзіны вольныя ад прыгону, а цяпер гэту царкву палякі хочуць адабраць ад іх нашчад-каў. Адзін з сялян сказаў Пілсудзкаму: „Ад вас адбіраліся сьвятыні, бо вы бунтаваліся супроць улады, а мы ня бунтуемся".

Пілсудзкі хутка вырашыў: „Малецеся ў сваей царкве, ніхто ня будзе перашкаджаць вам у гэтым". Запраўды, акцыя адбіраньня царквы была спыненая. Але сярод праваслаўнага духавенства хадзіла чутка, што гэту царкву палякі пакінулі праваслаўным таму, што ў адным з царкоўных будынкаў памясьціўся ўрад староства, карыстаючы з яго бясплатна. Калі-б палякі аддалі царкву каталіком, то староства мусіла-б плаціць высокую арэнду Ватыкану за карыстаньне тым самым будынкам.

Супроць польскай палітыкі, шкоднай для праваслаўнай царквы, выступалі паслы і сэнатары, выбраныя ў польскі сойм і сэнат ад беларускага народу. Выступленьні былі як у сойме, сэнаце, так і перад адмістрацыйнымі ўладамі. Беларускія паслы выступалі салідарна - праваслаўныя і каталікі: Браніслаў Тарашкевіч, Сымон Якавюк, Васіль Рагуля, Сымон Рак-Міхайлоўскі, Антон Аўсянік, Пётра Мятла, кс. Адам Станкевіч, Фабіян Ярэміч, М. Кахановіч, Валошын і інш.

Дня 14 сьнежня 1922 г. паслы беларускага і ўкраінскага клюбаў падалі сьпешную прапазыцыю ў сойм у справе рэлігійнага ўціску мясцовай польскай улады над сьвятаром і прыхаджанамі Дубінскай Царквы, Бельскага павету, Беластоцкага ваяводзтва, а так сама ў справе зьвязанага з гэтым хабарніцтва. У прапазыцыі гаворыцца аб запячатаньні праваслаўнай царквы ў вёсцы Дубіны, адабраньні царкоўнай зямлі і царкоўнага дому, якія былі аддадзены ў арэнду, праз польскага войта з паліцыей. Для задабрэньня войта прыхаджане гасьцілі яго і вазілі яму дубовае бярвеньне. Аднак войт жадаў яшчэ 300,000 марак. Падобны ўціск праваслаўных беларусаў і ўкраінцаў здараецца ўва ўсіх епархіях Польшчы.

Дня 21 сьнежня 1923 г. паслы беларускага і ўкраінскага клюбаў і ў сойм прапазыцыю ў справе адабраньня гвалтам з паліцэйскім тэррорам і біцьцём праваслаўных прыхаджанаў, царквы ў Жыдомлі, Горадзенскага павету. Царква была аддадзена мясцовым каталіком, быццам яна была сканфіскаванай у 1842 г. былым расейскім урадам. Прыхаджане падалі скаргу аб непраўдзівых дадзеных адносна царквы і прасілі перагледзіць справу, а паслы прасілі вярнуць праваслаўным бяспраўна адабраную царкву, да часу абсьледваньня справы законадаўчымі органамі, і - правесьці сьледзтва ў справе тэррору.

Дня 18 сакавіка 1924 г. паслы беларускага клюбу ўнесьлі ў сойм прапазыцыю ў справе адабраньня польскім урадам ад праваслаўных і перадачы каталіком царквы ў вёсцы Весялусе, Дунілавіцкага павету, Віленскай зямлі, матывуючы беспадстаўнасьць адабраньня і просячы абсьледваць справу праз соймавую камісыю, а тымчасам устрымаць адбіраньне. Аднак царква была адабраная.

Дня 17 чэрвеня 1924 г. беларускі пасол М. Кахановіч і інш. з беларускага клюбу, падалі інтэрпэляцыю да міністраў Нутраных Спраў, Вайсковых, Справядлівасьці, Зямляробства і Дзяржаўных Маемасьцяў Рэлігійных Вызнаньняў і Публічнай Асьветы - у справе адабраньня ўрадм ад Жыровіцкага манастыра царквы „Паднясеньня Крыжа", земляў, будынкаў, а так сама нападаў і пагромаў, ладжаных палякамі каталікамі. Інтэрпэлянты запытвалі, ці ўрад мае намер засьпечыць праваслаўнаму манастыру ў Жыровіцах карыстаньне поўнымі правамі, якія належуць яму на аснове адпаведных артыкулаў Вэрсальскага Трактату і арт. VII Мірнага Трактату ў Рызе, а так сама на аснове абавязваючай Канстытуцыі Польшчы.

Дня 20 чэрвеня 1924 г. паслы беларускага клюбу падалі інтэрпэляцыю Старшыні Рады Міністраў, з якой вынікае, што 21 верасьня 1921 г. ад праваслаўных была адабраная праз урад гвалтам царква ў Новым Двары, Сакольскага павету. Падчас абедні ў царкву ўварваўся паляк паліцыянт у шапцы, з вінтоўкай і тэррорам выгнаў усіх з царквы, якую замкнуў, пасьля чаго яна была хутка разбураная польскімі ўладамі, каб зрабіць зьвярненьне яе назад немагчымым. Соймавая камісыя абсьледвала справу і сьцьвердзіла, што мясцовыя ўлады перавысілі свае кампэтэнцыі, рабілі злоўжываньне над праваслаўнымі, бяспраўна разбурылі царкву; камісыя прыняла рэзалюцыю - адбудаваць праваслаўную царкву ў Новым Двары на кошт скарбу. Аднак, па трох гадох урад ня выканаў пастановы камісыі, таму беларускія паслы інтэрпэлявалі ў справе адбудовы царквы.

На Вялікдзень у 1924 г., падчас урачыстага багаслужэньня ў праваслаўным саборы сьв. Мікалая ў Наваградку, туды ўварваўся Станіслав Ключынскі, паляк каталік, ураднік акруговай паліцыі ў Наваградку. Ён умешваўся ў багаслужэньне, пачынаў дырыгаваць хорам, урываўся ў аўтар, крычэў і авантурнічаў, тузаў за рызы дыяканоў і г. п., аб чым беларускія паслы злажылі інтэрпэляцьпо Міністру Нутраных Справаў дня 10 ліпеня 1924 г.

У сувязі з уводжаньнем новага календара, накіданага гвалтам праваслаўнай царкве ў Польшчы, паліцыя і агульная адміністрацыя самым грубым спосабам зьдзеквалася над рэлігійнымі пачуцьцямі праваслаўных. Праваслаўныя беларусы Скідэльскага прыходу, Го-радзенскага павету, згодна з адвечным звычаем, зьехаліся 24 чэрвеня 1924 г. на сьвята Яна па старому стылю ў сваё мястэчка на багаслужэньне. Як заўсёды, прыехаўшыя здалёк прыхаджане затрымаліся з падводамі на царкоўнай плошчы. Прыбыўшая масова паліцыя загадала ўсім разьяжджацца, бо ў гэты дзень нельга маліцца. Тых сялян, якія спрачаліся з паліцыей супроць бяспраўнага ўчынку, арыштавалі і трымалі па двое сутак, а рэшту разагналі штыхамі. Паслы беларускага клюбу 17 ліпеня 1924 г. інтэрпэлявалі ў гэтай справе ў Міністраў Рэлігійных Спраў і Публічнай Асьветы і - Нутраных Справаў, жадаючы спыненьня ўмешваньня ў нутраныя справы праваслаўнай царквы і пакараньня Скідэльскай паліцыі за бяспраўныя арышты праваслаўных беларусаў.