Смекни!
smekni.com

Дзяржаўны лад Рэчы Паспалітай (стр. 3 из 4)

Дзейнасць рэфарматараў асабліва актывізавалася пасля смерці ў кастрычніку 1763 г. караля Аўгуста III. Канвакацыйны сойм 1764 г. прыняў шэраг пастаноў, паводле якіх абмяжоўвалася прымяненне вета па фінансавых справах, a дэпутаты сойма вызваляліся ад абавязку прытрымлівацца інструкцый, атрыманых ад павятовых соймікаў. У якасці часовых органаў кіравання былі створаны дзве камісіі па фінансавых пытаннях, адна для Польшчы, другая – для Вялікага княства Літоўскага. У верасні 1764 г. на элекцыйным сойме каралём Рэчы Паспалітай быў абраны ўраджэнец Беларусі (маёнтак Волчын Берасцейскага павета) стольнік Вялікага княства Літоўскага Станіслаў Панятоўскі пляменнік канцлера Вялікага княства Літоўскага Міхаіла Фрэдэрыка Чартарыскага. Новаму каралю на каранацыі было дадзена яшчэ імя Аўгуста. Ён у 1755—1758 гг. Прыязджаў у Пецярбург, быў блізка знаёмы з Кацярынай, якая стала затым царыцай, у сувязі з чым яго кандыдатура на каралеўскі прастол была падтрымана царскім урадам. Пасля яго выбрання ўнутрыпалітычная барацьба набыла яшчэ больш востры характар, асабліва рэлігійная барацьба праваслаўных, уніятаў і пратэстантаў супраць засілля каталіцкага духавенства. Каталіцкаму духавенству ўдалося, карыстаючыся соймавымі пастановамі 1717, 1733 і 1736 гг., абмежаваць у палітычных правах іншаверцаў, што выклікала іх пратэсты і служыла прычынай для ўмяшання замежных дзяржаў ва ўнутраныя справы Рэчы Паспалітай. Пры падтрымцы Расіі 20 сакавіка 1767 г. у Слуцку беларускія іншаверцы абвясцілі канфедэрацыю, патрабуючы ад кіруючых колаў Рэчы Паспалітай адмены ўсіх дыскрымінацыйных норм у адносінах да праваслаўных і пратэстантаў. Адначасова была аб'яўлена падобная канфедэрацыя ў Торуне, падтрыманая Прусіяй. Учэрвені 1767 г. па ініцыятыве вярхоў каталіцкага духавенства і рэакцыйных феадалаў аб'явілі канфедэрацыю ў Радоме з мэтай недапушчэння правядзення рэформаў.

Сойм, які сабраўся у кастрычніку 1767 г., павінен быў абмеркаваць пытанні аб ураўненні ў правах праваслаўных і пратэстантаў з католікамі і не дапусціць правядзення рэформаў дзяржаўнага ладу, чаго патрабавалі ўрады Расіі і Прусіі. Яшчэ ў сакавіку 1764 г. гэтыя дзяржавы заключылі паміж сабой пагадненне, па якому ўзялі на сябе абавязацельства не дапускаць сілай зброі рэформаў дзяржаўнага ладу Рэчы Паспалітай. Сойм выбраў камісію для падрыхтоўкі рашэння аб ураўненні ў правах праваслаўных і пратэстантаў з католікамі. Камісіяй быў падрыхтаваны ў лютым 1768 г. дагавор з Расіяй аб прадастаўленні свабоды выканання рэлігійных культаў і некаторым ураўненні ў правах некатолікаў з католікамі. На сойме 1768 г. быў прыняты закон пад назвай «Кардынальныя правы», які замацаваў непахіснасць свабоднага прымянення вета, захавання шляхецкіх прывілей і недапушчэння рэформаў дзяржаўнага ладу. Разам з тым у «Кардынальных правах» меліся і некаторыя новыя нормы. Так, паводле “арт. 19 уласнікі маёнткаў пазбаўляліся права прыгаворваць залежных ад іх сялян да пакарання смерцю, а арт. 20 пашыраў дзеянне арт. 1 раздз. 12 Статута Вялікага княства Літоўскага 1588 г., якім устанаўлівалася крымінальная адказнасць шляхціца за забойства простага чалавека на тэрыторыі Польшчы”. [10]

У тым жа 1768 г. ў горадзе Бары (паўднёва-заходняя Украіна) была абвешчана яшчэ адна канфедэрацыя, якая заклікала да барацьбы за адмену раўнапраўя праваслаўных і захаванне ўсіх ранейшых правоў шляхты. У падтрымку барскіх канфедэратаў выступіла Турцыя, якая пачала вайну з Расіяй. Скарыстаўшы тое, што Расія была занята вайной з Турцыяй, Аўстрыя ў 1769 — 1770 гг. акупіравала частку Польшчы і Украіны, а Прусія ў 1770 г. паўночна-заходнюю частку Польшчы і прапанавала Расіі заключыць дагавор аб сумесным раздзеле Рэчы Паспалітай. Да Расіі па першаму раздзелу Рэчы Паспалітай (1772) адышлі ўсходнія раёны Беларусі з гарадамі Полацкам, Віцебскам, Оршай, Магілёвам, Рагачовам, Гомелем.

Па наказу Кацярыны II ад 28 мая 1772 г. гэтая тэрыторыя была ўключана ў дзве нанава створаныя губерні: Пскоўскую і Магілёўскую. Устанаўлівалася, што «суд і расправа» ў гэтых землях па асабістых справах павінны праводзіцца па мясцовых «законах і звычаях і іх моваю», г. зн. па Статуту 1588 г., а «справы ж, што парушалі спакой і цішыню грамадзян», падлягалі разгляду ва ўстановах, «кои от власти верховной на то устроены»[11].

3. Мясцовыя органы ўлады

Пасля Вальнага сойма дэпутаты склікалі па паветах так званыя рэляцышыя соймікі, на якіх рабілі справаздачы перад сваімі выбаршчыкамі аб рабоце сойма і сваёй дзейнасці на яго сесіях. Гісторыя ведае выпадкі, калі рэляцыйныя соймікі фактычна пераглядалі пытанні, вызначаныя Вальным соймам. Так, калі ў 1671 г. шляхце Берасцейскага павета на рэляцыйным сойміку паведамілі, што на сойме разглядаліся пытанні аб устанаўленні падаткаў і зборы войска, то яна, спасылаючыся на адсутнасць кворуму, не прывяла ў выкананне пастанову Вальнага сойма і адклала соймікавыя дэбаты па гэтых пытаннях. Як бачым, нават Вальны сойм не вырашаў канчаткова тое ці іншае пытанне, таму што кожны соймік пакідаў за сабой права прыняць сваё рашэнне па яго пастанове. Больш таго, мясцовыя соймікі самастойна вырашалі фінансавыя і ваенныя пытанні, зацвярджалі падаткі, выбіралі кандыдатаў на адміністрацыйныя і судовыя пасады. Такім чынам, можна зрабіць вывад, што ў палітычным рэгуляванні Рэчы Паспалітай пераважалі працэсы дэцэнтралізацыі і нават анархіі. Аб гэтым сведчыць і тое, што ў 1582 - 1762 гг. 40 % пасяджэнняў Вальнага сойма было сарвана без прыняцця рашэнняў, а ў XVIII ст. рэдка які Сойм быў выніковым. Дэцэнтралізацыі садзейнічала і тое, што ў Рэчы Паспалітай адсутнічалі адзіныя выканаўча-распарадчыя органы. Кожная частка канфедэрацыі, у тым ліку ВКЛ, мела свой асобны адміністрацыйны і судовы апарат, сваю прававую сістэму.

Крыніцамі права ў некаторых губернях (напрыклад, па наказу Кацярыны ІІ нанава створаных Пскоўскай і Магілёўскай) па найбольш важных крымінальных справах, асабліва па дзяржаўных злачынствах, з'яўляліся Саборнае ўлажэнне 1649 г., «Артыкул воінскі» і іншыя заканадаўчыя акты рускай дзяржавы. Дакладнага размежавання, па якіх крымінальных справах прымяняліся нормы Статута 1588 г., a па якіх рускае заканадаўства, не было. Указам Сената ад 8 мая 1773 г. у далучаных да Расійскай імперыі дзвюх беларускіх губернях ствараліся губернскія і правінцыяльныя суды. Суддзі гэтых судоў выбіраліся толькі шляхтай, якая мела не менш як 10 сялян мужчынскага полу, а выбранымі маглі быць шляхціцы, якія мелі не менш як 20 сялян. Змяняўся, у параўнанні са Статутам, час пасяджэння земскіх судоў. Яны павінны былі разглядаць справы толькі ў чатыры зімовыя месяцы, г. зн. з 1 лістапада па 1 сакавіка. Указам сената ад 28 жніўня забаранялася прадаваць беларускіх сялян без зямлі. Прымаючы пад увагу вышэй азначаныя акалічнасці ў дачыненні мясцовай ўлады (выканаўчай), паўнамоцтвы караля, якія ўсё больш і больш абмяжоўваліся, што таксама не садзейнічала ўзмацненню цэнтралізацыі ўлады ў краіне.

Заключэнне

Па акту Люблінскай уніі Вялікае княства Літоўскае павінна было зліцца з Польшчай і страціць сваю самастойнасць, але згодна з артыкуламі Статута 1588 г. ВКЛ здолела захаваць свой суверэнітэт. Можна сцвярджаць, што ў выніку Люблінскай уніі ў Еўропе ўтварылася новая канфедэратыўная шматнацыянальная дзяржава – Рэч Паспалітая.

У выніку гістарычнага развіцця дзвюх дзяржаў на працягу XVII ст. з'явіўся акт “Ураўнаванне правоў” ВКЛ і Польшчы 1697 г., які пераасэнсаваў акт Люблінскай уніі і стаў асноўным законам рэальнай федэрацыі дзвюх дзяржаў. Такое становішча захавалася да канца XVIII ст., хаця існавалі тэндэнцыі да унітарызму. Яны фармуляваліся польскімі дэпутатамі на соймах у 1766, 1773, 1775 і 1776 гг. Але на чатырохгадовым сойме прадстаўнікі ВКЛ здолелі адстаяць федэратыўны характар Рэчы Паспалітай.

Вышэйшымі органамі дзяржаўнай улады ў Рэчы Паспалітай былі кароль і сойм. Прававое становішча караля вызначалася агульнадзяржаўнымі актамі - «Пактам канвента» і «Генрыкаўскімі артыкуламі», а ў Беларусі і ў Літве яшчэ і Статутам 1588 г., а пазней – Канстытуцыяй Рэчы Паспалітай (1791 г.).

«Пакта канвента» ўтрымлівалі шэраг абавязкаў, якія былі прапанаваны да падпісання Генрыху Валуа пры абранні яго на каралеўскі прастол у Рэчы Паспалітай у 1573 г. Затым па іх узору заключаліся пагадненні і з іншымі кандыдатамі на каралеўскі трон.

«Генрыхаўскія артыкулы» змяшчалі асноўныя прынцыпы, што вызначалі паўнамоцтвы каралеўскай улады і сойма. У адрозненне ад «Пакта канвента», які складаўся для кожнага прэтэндэнта на каралеўскі прастол і заключаўся з ім, «Генрыхаўскія артыкулы» насілі нязменны характар і кожны нанава абраны кароль абавязаны быў іх пацвердзіць. У іх абвяшчалася свабоднае абранне караля, свабода хрысціянскага веравызнання, абавязак склікаць сойм раз на два гады на шэсць тыдняў, не склікаць агульнае апалчэнне (паспалітае рушэнне) без згоды сойма, мець пры сабе пастаянна савет з 16 сенатараў-рэзідэнтаў. Забаранялася ўстанаўліваць новыя падаткі і пошліны без згоды сойма і інш.

Кампетэнцыя агульных соймаў Рэчы Паспалітай была шырокай. Лічылася, што сойм можа вырашаць усе пытанні дзяржаўнага кіравання і заканадаўства. Да спецыяльнай кампетэнцыі сойма адносіліся: выбранне караля; скліканне апалчэння, аб'яўленне вайны і заключэнне міру; устанаўленне падаткаў з шляхты для вядзення. вайны.