Смекни!
smekni.com

Вядучыя напрамкі і плыні ў еўрапейскай і сусветнай літаратуры ХVІ–ХХ ст. (стр. 3 из 8)

Пры ўсіх адмаўленчых тэндэнцыях рамантызму разам з тым «уласціва пачуццё далучанасці да свету, што імкліва развіваецца і абнаўляецца, уключанасці ў плынь жыцця, у сусветны гістарычны працэс, адчуванне схаванага багацця і бязмежных магчымасцей быцця». Своеасаблівы энтузіязм, заснаваны на веры ва ўсемагутнасць свабоднага чалавечага духу, усеахопная прага абнаўлення – адна з самых характэрных асаблівасцей рамантычнага светаадчування. Надзвычай глыбокаму і ўсеагульнаму расчараванню ў рэчаіснасці, у магчымасцях цывілізацыі і чалавечага прагрэсу палярна супрацьпастаўлена рамантычнае імкненне да «бясконцага», да абсалютных і універсальных ідэалаў. Рамантыкі марылі не аб прыватным удасканаленні жыцця, яны імкнуліся да вырашэння ўсіх яго супярэчнасцей. Разлад паміж ідэалам і рэчаіснасцю, які праяўляўся ўжо і ў папярэдніх мастацкіх накірунках, у рамантызме набыў незвычайную вастрыню і напружанасць, што склала сутнасць рамантычнага дуалістычнага светаадчування. Пры гэтым у творчасці адных рамантыкаў (паэты азёрнай школы, Р. Шатабрыян, В. Жукоўскі і некат. інш.) пераважала думка аб уладзе над жыццём нейкіх таямнічых і загадкавых сіл; другія ж (Дж. Байран, П. Шэлі, А. Міцкевіч, М. Лермантаў і інш.) культывавалі настроі барацьбы і пратэсту супраць «сусветнага зла».

На адмаўленні паўсядзённай шэрай, празаічнай рэчаіснасці заснавана рамантычная іронія, якая найбольш моцна выявілася ў творах Ф. Шлегеля, Л. Ціка, А. Мюсэ, К. Брэнтана, Г. Гейнэ. Першапачаткова яна абазначала прызнанне абмежаванасці любога пункту гледжання (у тым ліку і ўласна рамантычнага, калі ён імкнецца толькі да «бязмежнага»), адноснасці ўсякай гістарычнай рэчаіснасці, акрамя ўласна жыцця і свету ў цэлым. Пазней у рамантычнай іроніі адлюстравалася ўсведамленне неажыццявімасці рамантычных ідэалаў, першапачатковай узаемаварожасці мары і жыцця.

Рамантыкі адкрылі незвычайную складанасць, глыбіню і антынамічнасць духоўнага свету чалавека, унутраную бясконцасць чалавечай індывідуальнасці. Чалавек для іх – малы сусвет, мікракосмас. Напружаная цікавасць да моцных і яркіх пачуццяў, да тайных рухаў душы, да «начнога» яе боку, імкненне да інтуітыўнага і падсвядомага – надзвычай істотныя рысы і якасці рамантычнага светаадчування. Гэтаксама для рамантыкаў была вельмі істотнай абарона волі, свабоды, незалежнасці і самакаштоўнасці асобы, павышаная ўвага да адзінкавага, непаўторнага ў чалавеку. Апалогія асобы служыла ў рамантыкаў своеасаблівай самаабаронай ад імклівага і бяздушнага ходу гісторыі і нарастаючай нівеліроўкі чалавека ў грамадстве.

У галіне эстэтыкі рамантыкамі зроблены шматлікія адкрыцці і новаўвядзенні. Наогул «рамантычная эстэтыка найменш за ўсё падобная на стройную і закончаную тэарэтычную сістэму з выразнымі катэгорыямі і паняццямі. <...> Без перабольшвання можна сказаць, колькі было пісьменнікаў, паэтаў-рамантыкаў, столькі і існавала рамантычных тэорый. І ўсё ж, нягледзячы на ўсю шматстайнасць праяў рамантычнага мастацтва, у ім прасочваюцца пэўныя рысы і заканамернасці, пэўнае бачанне свету і чалавека, што дазваляе гаварыць аб рамантызме як аб літаратурным напрамку».

Сваю творчую дзейнасць рамантыкі пачалі з разбурэння нарматыўнай класіцыстычнай эстэтыкі, што скоўвала творчае ўяўленне мастака. Яны адмаўлялі рэзкае размежаванне высокага і нізкага стыляў, драматургічнае правіла «трох адзінстваў», перавагу розуму і здаровага сэнсу над пачуццём і ўяўленнем. Патрабаванне свабоды ва ўзнаўленні сапраўднага і даволі часта супярэчлівага ў сваёй аснове жыцця прысутнічае амаль што ва ўсіх рамантычных маніфестах (у братоў А. і В. Шлегеляў у Германіі, у Дж. Байрана і У. Вордсварта ў Англіі, у В. Гюго ў Францыі, у Э. По ў ЗША).

У барацьбе рамантыкаў з класіцыстамі была пастаўлена і развіта яшчэ адна важная эстэтычная праблема – праблема гістарызму мастацтва. У мастацкіх творах гэта вылілася не толькі ва ўзнаўленні г. зв. мясцовага каларыту (франц. couleur locale), але і ў адлюстраванні «духу часу» – духу розных эпох і нацыянальных культур, пад якімі рамантыкі разумелі асаблівасці нацыянальнага ўкладу, вераванняў, абрадаў, паняццяў і паводзін людзей. Асабліва яскрава гэта выявілася ў раманнай творчасці В. Скота.

Вывучэнне рамантыкамі гісторыі і культуры ўласнага народа адпаведна накіравала іх на вывучэнне фальклору сваіх краін. Так, рамантыкі актыўна збіраюць народныя песні, балады, паданні, даследуюць, апрацоўваюць і выдаюць іх (у Германіі гэта славутыя «Дзіцячыя і сямейныя казкі» і цэлы шэраг інш. зборнікаў братоў Я. і В. Грым; зборнік народных нямецкіх вершаў, песень і балад «Чароўны рог хлопчыка» К. Брэнтана і Л. Арніма; у Англіі – «Песні шатландскіх пагранічнікаў» В. Скота; у Расіі – «Старажытныя расійскія вершы» Кіршы Данілава; і г. д.). Народная культура служыла для рамантыкаў адным са сродкаў абнаўлення мастацтва.

Цікавасць рамантыкаў да гісторыі і нацыянальнай культуры звязана не толькі з праблемай стварэння нацыянальнага самабытнага мастацтва. У гісторыі, нацыянальным мінулым рамантыкі спрабуюць знайсці адказы на хваляваўшыя іх пытанні сучаснасці альбо імкнуцца супрацьпаставіць даўніну з яе вечнымі каштоўнасцямі (стабільнасцю, устойлівасцю сямейных і грамадскіх сувязей, цвёрдым маральна-этычным кодэксам) сучаснаму «жалезнаму веку», што культывуе меркантыльнасць, разлад паміж чалавекам і грамадствам.

Расчараванне ў грамадскім укладзе ХІХ ст., які лепшымі розумамі Еўропы чакаўся і маляваўся адносна нядаўна як самы лепшы і гуманны, застаўляла рамантыкаў ствараць свой свет – свет ідэальны. У ім яны апаэтызоўвалі бескарыслівасць, сяброўства, каханне. Апошняе вельмі часта выступае ў рамантыкаў у якасці сілы, што родніць і аб’ядноўвае людзей, якія супрацьстаяць варожасці і насіллю. Каханне акрыляе асобу, робіць яе багатай і змястоўнай, часам вылечвае ад дурных звычак і схільнасцей.

У кожнага рамантыка было сваё прыстанішча, свой ідэал, куды ён імкнуўся ў марах. Па гэтай прычыне рамантычная творчасць і рамантызм у цэлым пазначаны ярка выражаным суб’ектыўным пачаткам. «Стыхія рамантычнага – гэта стыхія ідэальнага, суб’ектыўнага, «пачуццёвага» (Шэлінг), што прынцыпова адрознівае яго як ад рацыяналізму класіцыстаў, так і ад аб’ектывізму рэалістаў». Менавіта суб’ектывізмам тлумачыцца тое, што ў пошуках ідэалу ў мінулым адны рамантыкі звярталіся да патрыярхальнага сярэднявечча, другія – да грэчаскай антычнасці, трэція наогул шукалі ідэал у першабытным грамадстве. Вельмі многія мастакі «адпраўлялі» сваіх герояў у экзатычныя краіны Усходу, Поўдня, на Каўказ і г. д.

Уцёкі рамантыкаў ад рэчаіснасці, што не прымалася імі, ажыццяўляліся не толькі ў часе і прасторы. Даволі часта гэтыя ўцёкі набывалі форму глыбокай засяроджанасці на ўнутраным стане асобы, на «жыцці сэрца». Дарэчы, дадзеная з’ява к таму часу была не новай – аб «жыцці сэрца» пісалі і сентыменталісты. Аднак рамантыкі з «жыццём сэрца» звязвалі асобу больш багатую, шматстайную, надзеленую моцным характарам і палкім уяўленнем. Гэта садзейнічала далейшаму пазнанню мастацтвам унутранага свету чалавека.

Духоўным прыстанішчам для рамантыкаў нярэдка з’яўлялася і само мастацтва. Найбольш яскрава аб гэтым сведчыць творчасць рознабакова адоранага нямецкага рамантыка Т. Гофмана –пісьменніка, мастака, кампазітара, дырыжора.

Іншы раз рамантыкі адкрывалі для сябе ідэальны свет у навуцы, філасофіі, наогул у царстве чалавечага духу і розуму (творчасць Наваліса, Э. По, У. Адоеўскага).

Імкнуліся часам рамантыкі і да рэлігіі, дзе ў хрысціянскай пакорлівасці і спачуванні знаходзілі таксама ўласны ідэал. Такі накірунак пошукаў У. Вордсварта, С. Кольрыджа, Р. Шатабрыяна, В. Жукоўскага.

Уцёкі ў духоўны свет не заўсёды задавальнялі рамантыкаў, ім хацелася, каб іх эстэтычны і маральны ідэал набыў рэальныя формы. Такім рэальным увасабленнем ідэалу станавілася даволі часта прырода (творчасць Наваліса, Дж. Байрана, М. Лермантава, А. Пушкіна, Г. Гейнэ, Ф. Купера і інш.). Рамантыкі адухаўлялі прыроду, знаходзілі ў ёй сугучнасць уласным настроям і пачуццям. Прырода паўстае ў іх творах як вольная стыхія, прыгожы і непаўторны свет, непадуладны чалавечаму самавольству. Адлюстроўваючы прыроду, рамантыкі разам з тым былі схільныя (услед за сентыменталістамі) да ідэалізацыі людзей, што жывуць на ўлонні прыроды.

Пошукі ідэальнай чалавечнасці прывялі рамантыкаў да тэмы, раней не існаваўшай у літаратуры. Гэта культ дзіцяці і дзяцінства. Ранейшае мастацтва бачыла ў дзіцяці толькі маленькага дарослага. Менавіта з рамантыкаў пачынаюцца «дзіцячыя дзеці» (Н. Бяркоўскі). Рамантыкі імкнуліся да шырокай трактоўкі паняцця дзяцінства: пад ім разумелася не толькі пэўная пара ў жыцці кожнага чалавека, але і чалавецтва ў цэлым – пара прастадушнасці і шчырасці, пачатак будучага чалавечага грамадства, свабоднага ад прыгнёту і несправядлівасці.

Рамантыкі ўпершыню закранулі праблему мастака-творцы. Класіцыстычнаму «наследаванню прыродзе» яны супрацьпаставілі творчую актыўнасць мастака. Згодна з рамантычнай канцэпцыяй творчасці мастацтва ёсць апафеоз духу. Мастак творыць свой асабісты свет, больш прыгожы і гарманічны ў параўнанні са штодзённай рэчаіснасцю. Мастацтва для рамантыка – найвышэйшая рэальнасць, а сам мастак – асоба выключная, якая рэзка выдзяляецца на фоне агульнай людской масы. Рамантыкі прытрымліваліся думкі, што «звычайнасць – смерць мастацтва». Яны абаранялі творчую свабоду мастака, яго права на фантазію, вымысел (геній не падпарадкоўваецца правілам, ён сам іх творыць). Усё (ад тэматыкі да самых тонкіх нюансаў формы) свабодна ўзнікае ў творчым уяўленні паэта, а не прадпісваецца яму адкульсьці звонку, нейкімі правіламі.