Смекни!
smekni.com

Вядучыя напрамкі і плыні ў еўрапейскай і сусветнай літаратуры ХVІ–ХХ ст. (стр. 8 из 8)

Натуралісты ставілі перад сабой задачу – вывучаць грамадства з той жа паўнатой, з якой прыродазнаўца даследуе прыроду. Мастацкае пазнанне яны прыраўноўвалі да навуковага. Мастацкі твор разглядаўся натуралістамі «як чалавечы дакумент», а асноўным эстэтычным крытэрыем лічылася паўната ажыццёўленага ў ім пазнаваўчага акта. Пераважны інтарэс да побыту, да фізіялагічных асноў псіхікі, недавер да ўсякага роду ідэй абмяжоўвалі мастацкія магчымасці натуралістычнай літаратуры. Аднак пранікненне жыццёвай праўды ў натуралістычныя творы ў яе скандэнсаваным, абагуленым выглядзе часам зводзіла да нуля тэарэтычныя пабудовы іх аўтараў і абумовіла глыбокае мастацкае ўздзеянне лепшых твораў натуралістычнай літаратуры на сучаснікаў.

Для большасці пісьменнікаў-натуралістаў былі характэрнымі ўяўленні аб прадвызначанасці лёсу чалавека яго фізіялагічнай прыродай, а таксама асяроддзем, у якім канкрэтны індывід вырас і сфарміраваўся. І толькі асобныя пісьменнікі (як, напрыклад, Заля) здолелі вырвацца з палону фаталізму.

Натуралісты не прымалі маралізавання ў мастацкай творчасці, бо лічылі, што адлюстраваная з навуковай дакладнасцю рэчаіснасць сама па сабе з’яўляецца дастаткова выразнай. Яны сцвярджалі, што літаратура, як і навука, не мае права выбару матэрыялу, што для пісьменніка няма непрыдатных сюжэтаў альбо недастойных тэм – адсюль пашырэнне тэматыкі натуралістычнай літаратуры, цікавасць да «простых» з’яў жыцця («Жэрміні Ласертэ» братоў Э.іЖ.Ганкураў, «Пастка» Э.Заля). Аднак падначаленасць матэрыялу, імкненне запісваць «пад дыктоўку жыцця» даволі часта прыводзілі да бессюжэтнасці («Цудоўны дзень» Сеара, «Услед за плынню» Гюісманса), а бясстрастнасць – да грамадскай індэферэнтнасці.

У 60–80-ягг. ХІХст. натуралізм пры ўсіх яго слабых месцах і недахопах адыграў пэўную станоўчую ролю ў развіцці літаратуры: засвойваў новыя тэмы, падымаў новыя пласты рэчаіснасці, паказваў жыццё людзей малазабяспечаных і прыгнечаных, вывучаў узаемадзеянне асобы і натоўпу, ролю падсвядомага ў чалавечай псіхіцы. Натуралізм увёў у літаратуру новыя прыёмы і сродкі мастацкага адлюстравання жыцця. Змагаючыся з ілжывым афіцыйным аптымізмам, з мяшчанскай ідэалогіяй і мараллю, праяўляючы шырокі дэмакратызм і выкрывальны пафас, натуралізм садзейнічаў прагрэсу грамадскай думкі і мастацкага бачання свету.

У іншых краінах Еўропы і Паўночнай Амерыкі ў апошняй трэці ХІХ – пачатку ХХ стст. натуралізмам сталі называць падобныя да яго з’явы, якія ўзніклі ў асноўным на глебе ўласных мастацкіх запатрабаванняў, але, як правіла, не без пэўнага французскага ўплыву.

Так, у Германіі своеасаблівым пралогам натуралізму была крытычная дзейнасць братоў Г. і Ю. Харт, а яго мастацкім увасабленнем – творчасць А. Хольца і Г. Гауптмана. Менавіта нямецкія пісьменнікі-натуралісты стварылі г. зв. секундны стыль, што меў на ўвазе не толькі капіраванне пэўнага жыццёвага факта ў цэлым, але і педантычную фіксацыю самых дробных яго элементаў. І яшчэ адна з асаблівасцей нямецкага натуралізму: калі ў іншых нацыянальных літаратурах ён выявіўся ў першую чаргу ў прозе і драматургіі, дык тут дадзены метад надзвычай моцна заявіў аб сабе ў лірыцы. У Англіі натуралізм паўплываў на творчасць Дж. Мура і Дж. Гісінга. У ЗША дадзены мастацкі метад атрымаў вострую сацыяльную афарбоўку ў С. Крэйна, Ф. Норыса, Х. Гарленда. У Італіі аналагічным натуралізму рухам стаў верызм (італ. verismo, ад. vero – праўдзівы), які прадстаўлялі Дж. Вергі, Л. Капуана і інш. У Іспаніі барацьба з французскім літаратурным уплывам ішла побач з умацаваннем натуралістычных прынцыпаў у творчасці Э.П. Басан і А.П. Вальдэса. У Бельгіі прадстаўніком натуралізму стаў К. Леманье. Пэўны ўплыў натуралізм аказаў таксама на творчасць А. Стрынберга, Г. Ібсана і К. Гамсуна.

Некаторыя элементы паэтыкі натуралістаў знайшлі працяг у імпрэсіянізме, шэрагу мадэрнісцкіх плыней (у сюррэалізме, «плыні свядомасці», тэатры абсурду і інш.), а таксама ў творчай практыцы пісьменнікаў-рэалістаў ХХ ст.

У Расіі ўплыў натуралізму даволі моцна адчуваецца ў творчасці Дз. Маміна-Сібірака і П. Бабарыкіна. Рускую ж натуральную школу нельга атаясамліваць з натуралізмам, бо яна, па-першае, узнікла амаль што на два дзесяткі гадоў раней таго часу, калі натуралізм заявіў аб сабе ў Еўропе, а, па-другое, была формай станаўлення крытычнага рэалізму.

У беларускай мастацкай культуры натуралізм у сувязі з тым, што перад беларускімі мастакамі ў тыя часы стаялі іншыя, адраджэнцка-асветніцкія задачы, не аформіўся ў самастойны накірунак з уласнай эстэтычнай праграмай. Разам з тым па аналогіі з натуралізмам могуць ацэньвацца асобныя недахопы (празмерная блізкасць вобразнай сістэмы да эмпірычных форм быцця, залішні этнаграфізм, абмежаванае бытапісанне) ранняй беларускай паэзіі, прозы, драматургіі, пачатковыя стадыі тэатральнага і выяўленчага мастацтва. Усё гэта было абумоўлена цяжкасцямі станаўлення мастацкага прафесіяналізму пры практычна поўнай адсутнасці нацыянальных традыцый. Іншая ж прырода натуралістычных тэндэнцый у літаратуры 1930-х – першай паловы 1950-х гг.: яны з’явіліся пад уплывам нарматыўнай вульгарна-сацыялагічнай крытыкі і дагматычнай філасофіі.


СПІС ВЫКАРЫСТАНЫХ КРЫНІЦ

1. Гуляев Н.А. Литературные направления и методы в русской и зарубежной литературе ХVІІ–ХІХ веков. Книга для учителя.– М., 1983.

2. Лихачёв Д.С. Развитие русской литературы Х–ХVІІ веков: Эпохи и стили.– Л., 1973.

3. Мальдзіс А.І. Барока ў літаратуры // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.– Мн., 1984.– Т. 1.

4. Морозов А. Судьбы русского классицизма // Русская литература.– 1974.– №1.

5. Манн Ю.В. Романтизм в России // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.– М., 1987.

6. Барысенка В.В. Францішак Багушэвіч і праблемы рэалізму ў беларускай літаратуры ХІХ ст.– Мн., 1957.

7. Морозов А.А. Барокко // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.– М., 1987.

8. Основы литературоведения / Под. ред. В.П. Мещерякова.– М., 2000.

9. Рагойша В. Літаратурны працэс; Метад літаратурны // Рагойша В. Тэорыя літаратуры ў тэрмінах: Дапаможнік.– Мн., 2001.

10. Бахмутский В.Я. Классицизм // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.– М., 1987.

11. Виппер Ю.Б. Формирование классицизма во французской поэзии начала ХVІІ в.– М., 1967.

12. Кочеткова Н.Д. Литература русского сентиментализма: Эстетические и художественные искания.– СПб, 1994.

13. Тураев С. Сентиментализм // Словарь литературоведческих терминов / Редакторы-составители Л.И. Тимофеев и С.В. Тураев.– М., 1974.

14. Гуревич А.М. Романтизм // Литературный энциклопедический словарь / Под общ. ред. В.М. Кожевникова, П.А. Николаева.– М., 1987.

15. Конан У.М., Мальдзіс А.І. Класіцызм у літаратуры // Энцыклапедыя літаратуры і мастацтва Беларусі: У 5 т.– Мн., 1986.– Т. 3.

16. Русская литература ХVІІІ в. Эпоха классицизма. Сб-к ст.– М.–Л., 1964.

17. Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Классицизм // Суслова Н.В., Усольцева Т.Н. Новейший литературоведческий словарь-справочник для ученика и учителя.– Мозырь, 2003.