Смекни!
smekni.com

Вядучыя напрамкі і плыні ў еўрапейскай і сусветнай літаратуры ХVІ–ХХ ст. (стр. 4 из 8)

Рамантыкі разглядалі гісторыю чалавецтва як праяву адвечнай барацьбы Дабра і Зла – двух пачаткаў, што вызначаюць лёс і ўсяго Сусвету, і кожнай асобы. Дадзеныя пачаткі адпаведна ўплываюць на структуру і сістэму вобразаў рамантычнага твора. Героі ў такім творы з’яўляюцца ўвасабленнем гэтых двух крайніх пачаткаў і ў выніку рэзка падраздзяляюцца на станоўчых і адмоўных. Рамантычныя творы не церпяць паўтонаў: практычна ўсё, што прысутнічае ў іх, кантрастнае, часам з элементамі гіпербалізацыі. Героі гэтых твораў – асобы, як правіла, выключныя, яны ўзвышаюцца над усім акаляючым светам.

Станоўчы герой выступае ў пераважнай большасці твораў рамантыкаў ледзь ці не прамым носьбітам аўтарскага ідэалу. Як правіла, гэта малады чалавек, часам зусім юнак, што толькі-толькі ўступае ў жыццё і сутыкаецца з яго жорсткімі законамі. Можна нават весці гаворку аб устойлівым знешнім абліччы-партрэце станоўчага рамантычнага героя. Ён уяўляе сабой высокую фігуру са скрыжаванымі на грудзях рукамі, выразным тварам з чорнымі вачамі, доўгімі чорнымі валасамі да самых плячэй. Абавязковы атрыбут адзення гэтага героя – чорны плашч-накідка.

Ледзь ці не ўсюдным і пастаянным спадарожнікам рамантычнага героя было адзіноцтва, якое разам з імкненнем да ідэалу застаўляе гэтага героя вандраваць з месца на месца, так практычна і не знаходзячы нідзе прытулку і супакаення (Чайльд-Гарольд у Дж. Байрана, Дэман у М. Лермантава і інш.).

Новы змест мастацтва заканамерна патрабаваў і новай (ці абноўленай) формы. Гэта выявілася ў істотнай мадэрнізацыі рамантыкамі жанравай сістэмы літаратуры.

Адным з самых улюбёных родаў літаратуры становіцца ў рамантызме драма (трагедыі і драмы Г. Клейста, Дж. Байрана, В. Гюго, П. Шэлі і інш.).

Побач з драматычнымі відамі і жанрамі імкліва развіваюцца ў рамантызме і эпічныя жанры. Асабліва вялікую папулярнасць набывае раман, які з цягам часу становіцца ледзь ці не галоўным жанрам рамантычнага прыгожага пісьменства. Рамантыкі распрацоўвалі гістарычны раман («Айвенга», «Пурытане» і інш. творы В. Скота), сацыяльна-бытавы і сацыяльна-псіхалагічны раман з элементамі драматызму («Сабор Парыжскай Божай Маці», «Дзевяноста трэці год», «Адрынутыя» В. Гюго), «раман выхавання» («Годы вучэння Вільгельма Мейсцера» і «Годы падарожжаў Вільгельма Мейсцера» І. Гётэ), раман-падарожжа («Дарожныя карціны» Г. Гейнэ), прыгодніцкі і прыгодніцка-авантурны раман («Тры мушкецёры А. Дзюма), раман-утопію («Калонія на кратэры» Ф. Купера, «Млынар з Анжыбо» Ж. Санд), раман-споведзь і раман-маналог («Лелія» Ж. Санд, «Споведзь сына веку» А. Мюсэ) і некат. інш. разнавіднасці.

Даволі папулярным стаў у рамантыкаў жанр навелы, аб чым сведчыць творчасць Э. По, П. Мерыме, Л. Ціка, Г. Клейста, Т. Гофмана.

Суб’ектыўнасць, уласцівая рамантызму як метаду, садзейнічала небываламу да гэтага росквіту лірычных жанраў, якія набывалі ў многіх паэтаў характар паэтычнай споведзі альбо творчага дзённіка. Рамантыкі распрацоўвалі новыя паэтычныя жанры, што адпавядалі духу часу. Гэта раманс, стансы, вершы-споведзі, творы філасофскага напаўнення і інш. Дзякуючы намаганням некаторых рамантыкаў (Г. Гейнэ, М. Лермантава і інш.), адраджаецца напаўзабыты санет. Актыўна выкарыстоўвалі рамантыкі і літаратурна-фальклорныя жанры (баладу, песню і інш.).

Асаблівая заслуга рамантыкаў у распрацоўцы жанру паэмы. У літаратуразнаўстве існуе нават тэрмін «рамантычная паэма». Самыя вядомыя рамантычныя паэмы, вяршыні гэтага жанру – «Паломніцтва Чайльд-Гарольда» Дж. Байрана, «Медны коннік» А. Пушкіна, «Дзяды» і «Пан Тадэуш» А. Міцкевіча, «Дэман» і «Мцыры» М. Лермантава, «Германія, зімняя казка» Г. Гейнэ.

Рамантыкі зрабілі значны ўклад у версіфікацыйную сістэму лірыкі. Яны актыўна працавалі над удасканаленнем метрычнай схемы верша. Менавіта рамантыкам належыць заслуга прышчаплення да паэзіі белага верша, які, на думку паэтаў, максімальна адпавядае іхняму часу ў сэнсе імкнення да волі, свабоды, незалежнасці ад схем і прадпісанняў.

Несумненныя заслугі рамантыкаў і ў распрацоўцы новых вобразна-выяўленчых сродкаў, стылістыкі ў выніку імкнення да перадачы складанай гамы перажыванняў, багатага і супярэчлівага духоўнага свету сваіх герояў. Слова ў рамантыкаў ахутваецца туманам асацыяцый, напаўняецца таямнічым, глыбокім сэнсам. Паэты імкнуцца да выкарыстання эмацыянальных эпітэтаў, складаных метафар, да актыўнага прымянення такіх дзейсных сродкаў паэтычнага сінтаксісу, як інверсія, паўтор, рытарычныя пытанні, звароткі, выгукі.

Наогул рамантычная эстэтыка і паэтыка – новы і значны крок у паступальным развіцці сусветнага прыгожага пісьменства. Яна аказала вельмі моцны ўплыў на ўсю, без перабольшвання, наступную літаратуру свету. Адмаўлялі рамантыкаў, але пры гэтым надзвычай многае бралі ў іх пісьменнікі-рэалісты ХІХ і ХХ стст. Засвоеныя і творча пераасэнсаваныя прынцыпы рамантычнай эстэтыкі і паэтыкі выкарыстоўвалі сімвалісты і экспрэсіяністы. Многае ад рамантызму ў цэлым шэрагу іншых дэкадэнцкіх і мадэрнісцкіх плыней. І, урэшце, ледзь ці не прамым прадаўжальнікам рамантызму стаў у канцы ХІХ – пачатку ХХ стст. г. зв. «неарамантызм», больш падрабязна на якім мы спынімся крыху ніжэй.

Рамантызм, згодна з тэрміналогіяй аднаго з буйнейшых расійскіх тэарэтыкаў літаратуры Г. Паспелава, можна з поўным правам лічыць літаратурна-мастацкім рухам па прычыне таго, што ён надзвычай моцна выявіўся практычна ва ўсіх літаратурах Еўропы, а таксама (ці не ўпершыню за ўсю гісторыю развіцця сусветнага прыгожага пісьменства) перасягнуў яе межы і даў аб сабе знаць у шэрагу літаратур краін Азіі і амерыканскага кантынента. Гэта было моцнае літаратурна-мастацкае ўтварэнне, якое, пры ўсёй яго тыпалагічнай агульнасці, мела таксама і шэраг ярка выяўленых рэгіянальных і нацыянальных рысаў. На гэтай падставе даследчыкамі вылучаюцца рамантызм заходнееўрапейскі, славянскі, амерыканскі і некат. інш. У межах жа рэгіёнаў адрозніваюць нацыянальныя разнавіднасці рамантызму (нямецкі, англійскі, французскі ў заходнееўрапейскім рамантызме; польскі, чэшскі, рускі ўнутры славянскага; і г. д.).

Першай і класічнай краінай рамантызму стала Германія. Асновы рамантычнага светапогляду і рамантычнай эстэтыкі былі закладзены прадстаўнікамі іенскай школы, куды ўваходзілі В. Вакенродэр, Наваліс, браты А. і В. Шлегелі, Л. Цік. Да іенцаў прымыкаў вядомы нямецкі філосаф і тэарэтык мастацтва Ф. Шэлінг. Другая значная група нямецкіх рамантыкаў узнікла ў г. Гейдэльберзе, утварыўшы гейдэльбергскую школу. Яе прадстаўлялі Л. Арнім, К. Брэнтана, браты Я. і В. Грым, Ё. Эйхендорф. Гейдэльбергскімі рамантыкамі было надзвычай шмат зроблена ў плане збірання і прапаганды (у тым ліку і праз выкарыстанне ў мастацкай творчасці) нямецкага нацыянальнага фальклору. Позні нямецкі рамантызм прадстаўляюць Г. Клейст, Т. Гофман, А. Шамісо, Г. Мюлер. Творчасць Г. Гейнэ – «апошняга рамантыка» ў нямецкай літаратуры (вызначэнне самога Г. Гейнэ) – на познім этапе ўжо выходзіць за рамкі ўласна рамантызму.

Не зусім аднародным быў і англійскі рамантызм. Адной з першых узнікла ў ім азёрная школа, прадстаўнікі якой (У. Вордсварт, С. Кольрыдж, Р. Сауці) культывавалі ідэі непрыймання сучаснага ім прамысловага грамадства. Групу лонданскіх рамантыкаў прадстаўлялі Дж. Кітс, Ч. Лэм, У. Хэзліт, Л. Хант. Крыху асобна ў англійскім рамантызме стаяць велічныя фігуры Дж. Байрана, В. Скота, П. Шэлі.

Рамантызм у французскай літаратуры, дзе былі надзвычай моцнымі традыцыі класіцызму, стала замацаваўся толькі к пачатку 1820-х гг. Яго адрознівае вялікая сувязь са спадчынай Асветніцтва, а таксама пераважны зварот да сучаснасці, да актуальнай сацыяльна-палітычнай праблематыкі. Найбольш значныя прадстаўнікі французскага рамантызму – Ф. Шатабрыян, Ж. Сталь, Э. Сенанкур, Б. Канстан, А. Ламарцін, В. Гюго, А. Віньі, А. Мюсэ, Ж. Санд.

Італьянскі рамантызм прадстаўлены творчасцю У. Фаскола, А. Мандзоні, Дж. Леапардзі; іспанскі – Х. дэ Эспрансэда, Сарыльі-і-Мараль; аўстрыйскі – Ф. Грыльпарцэра, Н. Ленау; дацкі – Э. Эленшлегера; швецкі – Э. Тэгнера; венгерскі – Ш. Пецёфі; румынскі – М. Эмінэску. Рамантызм склаў цэлую эпоху ў развіцці польскай літаратуры (А. Міцкевіч, Ю. Славацкі, З. Красіньскі, Ц. Норвід). З польскім рамантызмам, аб чым будзе сказана крыху ніжэй, вельмі цесна звязана развіццё беларускай літаратуры ХІХ ст.

Рамантызм у рускай літаратуры выявіўся таксама надзвычай моцна. «Зараджэнне рамантызму ў Расіі звязана з грамадска-ідэалагічнай атмасферай рускага жыцця – агульнанацыянальным пад’ёмам пасля Айчыннай вайны 1812 г., фарміраваннем дваранскай рэвалюцыйнасці, абвастрэннем асабістай самасвядомасці». Акрамя таго, «своеасаблівасць рамантызму ў Расіі вызначалася і агульнай асаблівасцю развіцця рускай літаратуры як мастацкай з’явы ў пачатку ХІХ ст.: фарсіраванасць яе руху абумовіла «набяганне» і сумяшчэнне розных стадый, якія ў іншых краінах перажываліся паэтапна». Па гэтай прычыне ў творчасці некаторых рускіх рамантыкаў перапляталіся, і часам даволі своеасабліва, рысы класіцызму, сентыменталізму, асветніцкай ідэалогіі. Самымі буйнымі рускімі пісьменнікамі-рамантыкамі з’яўляюцца В. Жукоўскі, К. Бацюшкаў, А. Пушкін, М. Лермантаў (абодва на раннім этапе сваёй творчасці), К. Рылееў, В. Кюхельбекер, А. Адоеўскі, М. Гнедзіч, А. Дэльвіг, П. Вяземскі, Дз. Веневіцінаў, Я. Баратынскі, А. Бястужаў-Марлінскі, М. Языкаў.

Атрыманне нацыянальнай незалежнасці ў многім вызначыла развіццё рамантызму ў ЗША, «для якога з’яўляецца характэрнай больш адчувальная, чым у еўрапейскіх краінах, блізкасць да традыцый Асветніцтва, асабліва ў ранніх рамантыкаў (В. Ірвінг, Ф. Купер, У. Брайант), аптымістычныя ілюзіі адносна будучага Амерыкі, менш цесная сувязь з культурамі мінулых эпох (сярэднявечча, Адраджэнне, барока), па-новаму адкрытых еўрапейскім рамантызмам». Спелы і позні паўночнаамерыканскі рамантызм прадстаўлялі Э. По, Н. Готарн, Г. Лангфела, Г. Мелвіл, Р. Эмерсан Г. Тора і інш. Дарэчы, апошняя, заключная стадыя паўночна-амерыканскага рамантызму ў сувязі з пэўным адставаннем амерыканскай літаратуры ад вядучых літаратур еўрапейскага кантынента крыху расцягнулася (практычна аж да 1860-х гг.).