Смекни!
smekni.com

Беларуская мова (стр. 17 из 19)

Праз гу...чары пад павеццю зялёных голек прабівалася бліскучая сту.. .ка халоднай вады і дзяліла пу.. .чу на дзве часткі. Абодв... берагі рэчкі былі густа заро.. .шыя старымі дрэвамі яны прасц...ралі свае га...лё над рэчкаю і лучыліся адны з другімі. I лес па адзін бок рэчкі і лес па другі яе бок быў адным лесам і тое што рабілася на адным беразе рэчкі было таксама справаю другога бераг... .

Рэчка была (не)вялікая у лесе яна пач...налася у лесе і канчалася. Канчалася пышным і прыгожым ...озерам. Вакол ...озера як вежы стаялі мудрыя дрэвы дубы.

(Доўгія)доўгія гады цэлыя вякі жыла пу...ча згодна і ...часліва жыла поўным багатым жы...цём. (Я. Колас.)

Дадатак

Тэксты дыктантаў

“Зала сарака”

Вялізныя залы, а на сценах — эмблемы, i на кожнай — прозвішчы тых, хто тут вучыўся цi вучыў i хто вядомы ўсяму свету: Капернік, Галілей... А вось i «зала сарака», параўнаўча невялікая, тут не эмблемы, а фрэскі — сорак вялікіх партрэтаў, намаляваных на ўcix чатырох сценах. Другі ад кутка — Скарына. 3 нейкім асаблівым пачуццём чытаеш: «3 Полацка...»

Скажыце, які яшчэ горад даў роднай зямлі гэтулькі выдатных сыноў i дачок? Тут нарадзілася i пражыла свае самаадданае жыццё выдатная асветніца, адна з самых адукаваных жанчын свайго часу Ефрасіння Полацкая. У XII стагоддзі ў Полацку працавалі слынны ювелір Лазар Богша i дойлід Іаан, чыя Спаса-Ефрасіннеўская царква назаўжды застанецца для нашчадкаў увасобленай у камені песняй чалавечага генія. Пяцьсот год таму назад у доме полацкага купца Лукаша Скарыны пачуўся крык немаўляці — будучага беларускага першадрукара, філосафа-гуманіста, графіка, паэта, перакладчыка, батаніка, доктара лекарскіх навук, бібліёграфа, аднаго з волатаў еўрапейскага Адраджэння. Горад — радзіма вядомага грамадскага дзеяча, мысліцеля, педагога i паэта Сімяона Полацкага...

Прайдзіце па старажытных вуліцах Полацка, затрымайцеся на хвіліну каля помніка Скарыне, падыміцеся да лёгкай, гатовай, здаецца, узляцець, Сафіі. Прыслухайцеся да голасу ветру на полацкіх стромах, да крыку чайкі над водамі Дзвіны. Вы чуеце? Гэта гаворыць з вамі наша Гісторыя. Тут, у старажытным горадзе над Дзвіной, карані яе тысячагадовага дрэва, якое, змогшы ўсе навалы, працягвае падымацца насустрач сонцу. (С. Панізнік, В. Дышыневіч. Падарожная кніжка Скарыны).

Бяздоннае багацце

У Тураве жыў калісьці князь Яраслаў, багаты і мудры. Неяк князь з гасцямі паехаў на ўловы біць цяцераў і дзікіх вепраў. Многа ўжо было набіта ўсялякай дзічыны, але Яраслаў убачыў вялізнага старога тура і пагнаўся за ім. Некалькі гартоўных княжых стрэл упілося ў цела тура, але звер з падвоенай сілай уцякаў ад лаўца.

Раптам тур спыніўся і павярнуўся ў бок князя. Конь з разгону наскочыў на тура і зваліўся, прабіты рагамі, прыціскаючы сабою седака. Яшчэ момант, і князь паплаціўся б жыццём. Але падскочыў загоншчык Ранцэвіч, зняў з сябе світку, накінуў яе туру на вочы ды нажом ударыў звера ў самае сэрца — тур нежывы рынуў на зямлю. Князь выбавіўся з-пад каня і, дзякуючы загоншчыку, сказаў, каб той прыйшоў па узнагароду.

Калі загоншчык прыйшоў, Яраслаў паставіў перад ім скрынку з золатам і сказаў:

- Бачыш, многа тут золата, але жыццё даражэй за золата, бяры колькі хочаш.

Загоншчык узяў кіёк, разгарнуў чырвонцы, каб кіёк упёрся ў дно скрынкі, і сказаў:

- Праўда, князю, тут многа золата, але ўсё ж такі дно можна дастаць, дык, мабыць, гэта тваё залатое багацце не вечнае, калі-небудзь яму прыйдзе канец. Дай ты мне, княжа, гэткі дар, каб я ў ім дна знайсці не мог.

Князь задумаўся і кажа:

- Каб я сабраў усё свае багацце, то і тады дно яму знойдзеш.

Засмяяўся загоншчык:

- Пойдзем, князь, я табе пакажу бяздоннае багацце. – I выйшаў на двор, узяў лавекі меч і ўвесь усунуў у зямлю. – Вось тваё, княжа, багацце, у якім дна няма: яно ратару больш вартае, чым тыя чырвонцы.

(А. I. Гурскі. Бяздоннае багацце)

Славуты асілак

Даўным-даўно, тысячы гадоў таму, з-пад вялізнага каменя, дзе б'е крыніца, нарадзіўся славуты асілак. Яго назвалі Нёманам. Жыў сярод лясоў дрымучых, лугоў шырокіх, прыгожы, працавіты, прыродзе, і лю-дзям, і ўсяму жывому дабром плаціў. У суседстве жыла Лоша: гультаяватая, ляжала ў цяньку, сабою любавалася, нікому ад яе не было ні радасці, ні карысці. Лоша часта заглядала да свайго суседа. За маўклівасць называла яго Неманцом.

Цяпер ніхто не ведае, што Нёману спадабалася тая красуня. Адно вядома – было вяселле. Гуляла на ім уся жаніхова радня: і Сула, і Уса, і Уздзянка, і Шчара... Каго толькі тут не было! Пілі, балявалі, маладым шчасця ды добрай долі жадалі.

Скончылася вяселле, пачаліся будні.

Зноў Нёман не ведаў ні дня ні ночы. Паіў, карміў, туліў ўсіх, хто да яго гарнуўся: і чалавека, і звера, і птаха, і рыбу, і жыўнасць усякую. Цешыў сваім люстэркам водным прыбярэжныя лясы, палеткі, лугі, на сваіх магутных грудзях насіў чоўны, ганяў плыты.

Не раз запрашаў на шырокі прастор і сваю красуню ненаглядную. Толькі тая была абыякавая, халодная да ўсяго, па-ранейшаму не хацела дзяліць са сваім волатам нягоды і радасці.

Не да душы было такое жыццё Нёману: аднойчы цёмнай ноччу кінуўся ўпрочкі.

Прачнулася Лоша, а Нёмана няма. Пачала даганяць уцекача, ды не ў той бок кінулася. Па далінах ды па нізінах бегла, ажно сіл не ставала, дый не ведала, куды далей падацца. Гукала-клікала на дапамогу, але ніхто не прыйшоў: ні Пціч, ні Бярэзіна, ні Свіслач... Выбегла Лоша да груда пясчанага і ўбачыла: Нёман праз долы і лясы дарогу сабе пракладае. Пачала дапамагаць яму. I людзі не абмінулі яе: паблізу пачалі будавацца. Так нарадзіліся вёскі Лоша, Мрочкі, Пясочнае, Сасноўка, Рачыца.

Нёман ніколі не забывае родныя мясціны. Кожную вясну, кожную восень дажджлівую вяртаецца да маці сваей — крынічкі, якая цячэ з-пад вялікага каменя. (А.І. Гурскі. Бяздоннае багацце)

Любімы адпачынак

Якуб Колас не любіў ездзіць на курорты. За лепшы адпачынак яму было пажыць лета дзе-небудзь у зацішным кутку Беларусі, а выбіраць такія мясціны ён добра ўмеў...

Вось у адной з такіх мясцін мне давялося пажыць летам побач з Коласам.

Неяк раніцай, выйшаўшы на прагулку каля васьмі гадзін, я заўважыў, што дзядзька Якуб ужо варочаецца з найцікавейшага паходу. Ен мяне не бачыў, а я, каб не перашкаджаць ягонаму задаволенаму настрою, не абзываўся, а толькі сачыў, стаіўшыся за густым ажынавым кустом. Трэба было бачыць, з якім задавальненнем нёс Якуб Колас з лесу поўненькі, з каптуром, кошык чорнагаловенькіх баравікоў у адной руцэ, а ў другой вялізны прут з панатыканымі баравічкамі, якія ўжо не лезлі ў кошык. Ен ішоў босы з падкасанымі штанінамі і, здавалася, нешта напяваў сам сабе ад вялікае радасці. Відаць, яму так хацелася хутчэй дахаты, каб пахваліцца сваёй удачай. Дзесьці на добрай сцяжынцы ён нават падбег, але асцярожна, каб не пагубляць здабытак.

У гэтым была стыхія яго любові да прыроды, да роднае зямлі.

Дзе б ні жыў Якуб Колас, тыя мясціны пакідалі след у яго творчасці. Але больш за ўсё займае месца ў ягонай творчасці родная Мікалаеўшчына. Можа, і сяліўся Якуб Колас улетку ў такіх мясцінах, якія нагадвалі яму дарагое і роднае. (П. Броўка. «Забыць цябе не маю сілы...»)

Нарач

Узгорак, які тут называюць Сарапонава, люблю за тое, што адсюль адкрываецца панарама возера незямной прыгажосці. Не ведаю іншага месца на Нарачы, адкуль бы так шырока і прасторна праглядвалася вялікая роўнядзь.

Нарач для мяне — гэта калыска дзяцінства, гэта тое светлае і вечнае, без чаго я не магу ўявіць сваё жыццё. Усё, што звязана з гэтым чароўным кутком, мяне цікавіць.

Сёння Нарач — возера, якое адкрывае, калі ехаць з Мінска па дарозе на Паставы, цэлую групу блакітных азёр. Гэта непаўторны куток беларускага Паазер'я. Шэсць вадаёмаў, звязаных агульным паходжаннем і размешчаных на мяжы Мінскай і Віцебскай абласцей,— унікальны прыродны комплекс, які мае навуковае і культурнае значэнне. Таму блакітныя азёры аб'яўлены рэспубліканскім ландшафтным заказнікам.

Азёры, размешчаныя ў катлавіне ўзгоркавай грады, што ўзвышаецца месцамі над імі на пяцьдзесят, а то і шэсцьдзесят метраў, акружаны густымі сасновымі і змешанымі лясамі. Такое спалучэнне прыродных умоў стварае уражанне сярэднягорнага ландшафту.

Нарач... Яе празрыстыя блакітныя хвалі, яе непаўторная гісторыя, паданні і легенды, якія перадаюцца з пакалення ў пакаленне, з вуснаў у вусны, натхнялі знакамітых паэтаў і пісьменнікаў. Успомнім «Нарачанскія сосны» Максіма Танка. Вершы гэтага зборніка прасякнуты глыбокім гуманізмам. Радкі хвалюючыя, незабыўныя, і нельга ўявіць іх нараджэнне без гэтай зямлі, без гэтых людзей. (В. Лапцік. Плямы на жамчужыне)

Крыніца

Гэтую дарогу да крыніцы я палюбіў даўно і штодзень, не пытаючыся ў маці, ці трэба вада, спаражняў вёдры і выходзіў на знаёмую сцежку.

Далёка-далёка гарбацяцца, узнімаюцца пагоркі, парослыя кустамі, а то і сапраўдным лесам. Да вайны аж да самай вёскі падступалі лугі і чыстыя палі, ні кусточка не было на іх.

Вось і крыніца. Вада ў ёй недалёка, даставаць яе лёгка: нахіліўся над зрубам, расхінуў лісце, зачэрпнуў вядром — і вось ён, чысты крышталь, ад якога, бывала, у летнюю спёку не адарвацца.

У крыніцы вельмі смачная вада, і таму ўся вёска ходзіць сюды, у такую далеч, не шукаючы вады дзе-небудзь бліжэй да сваіх хат.

Сёлета мы з цёткаю Волькаю чысцілі гэтую крыніцу. Цётка, папярэдне наламаўшы галінак на венік, паклала іх каля зруба, а сама палезла ў калодзеж, у халодную крынічную ваду. Я памкнуўся быў лезці сам, але яна сказала:

– Ты ж не ўмееш, лепей я сама.

Цётка чэрпала вядром і падавала яго мне, а я толькі выліваў ваду, адышоўшы далей ад крыніцы. Спачатку вада была чыстая, потым памутнела, а пасля ўжо ў вядры каламуцілася нешта вязкае і глеістае.